Наста Кудасава. А жнівень тут падае

…а жнівень тут падае
проста на голаў
салодкімі зоркамі алычы
і з разгаданых жаданняў нашых
зорнае варыць сочыва,
ўціскаюцца дні ў жалудовыя цельцы,
дзверы замкнёныя на ключы,
і ціша такая,
што нават сабакі ад вусцішы выюць
па-воўчы.
і ведаеш,
быццам нішто ўжо не б’ецца:
ні дотыкаў ток,
ні сініца ў руках, –
што лепей бы скласці ўсе роспачы ў кош,
не бядуючы болей над коштамі,
і выйсці ў акно,
як выходзяць у восень –
услед за крылом камікадзэ-лістка,
туды,
дзе любоў залівае пакорліва кожнага
і не пытае навошта.