Наста Кудасава. Лістападу не прывыкаць

Сержуку Андрэеву

лістападу не прывыкаць, што лісты, лісты…
што ўсе трыццаць начэй сніцца недасягальнае над.
а ў мяне толькі вецер і ты – мой адзіны тыл,
незалежна, вяселле грымнула ці вайна.

як ні дзіўна, а з ісцінаў выжыла толькі любоў,
і калі ўсе шляхі йдуць туды, значыць вось ён – Рым:
на высокім беразе ў сэрцы высокіх дубоў
адбіваецца нашымі лёсамі ў нашым Дняпры.