Наста Кудасава. Віталь*

Віталю Рыжкову

гэта ўсмягласць асіплае кані,
адарванай ад ніў вышыні.
дні мае – палігоны гукання,
невыкрыкнае роспачы дні.

я не помню нагодаў вынырваць,
памяць сплёўвае прысак і жвір.
дык навошта ты сонцам настырным
уваходзіш і кажаш “жыві”?

тут даўно ўжо няма чаму біцца
ў пустасэрцы, напханым асцём,
дык навошта ты цёплай сініцаю
прыляцеў і вярнуў мне жыццё?

быццам ёсць яшчэ голас азімы
пад ільдом занямелых пакут,
быццам можна адным тваім імем
затрымаць мяне тут.

*(лац.) жыццёвы, жыццядайны