Ганна Комар. Лялька

Гэтая лялька ні ў чым не вінаватая.
Ёй выдралі вока, замест яго ўплішчылі гузік.
З асаблівай жорсткасцю адрэзалі вуха.
Зашылі рот тоўстай голкаю для абутку.
Адарвалі руку, кінулі котцы гуляцца.
Паміж ног прарэзалі дзірку,
каб магла нараджаць падобных сабе вырадкаў.
Перацягнулі шыю ружовай стужкаю з бантам
ды носяцца з ёй, люляюць яе ў калысцы,
кормяць з лыжкі, а ежа сцякае па падбароддзі –
сукенка заляпаная нечым
між супам і спермай.
У лялькі на целе з’яўляюцца плямы,
гаспадыня не можа ўцяміць:
хіба я кепска цябе даглядаю?!
Крыўдзіцца - няўдзячная лялька!
А ноччу лялька адкрывае вока,
развязвае вузел на шыі,
адрывае другое вуха і запіхвае
яго ў прамежжа,
каб запоўніць пустэчу.
Дапаўзае да тых, хто калісьці прынёс яе ў дом
і кладзецца між імі ў ложак.