Павал Касцюкевіч. Робат-міліцэйскі

У вітрыне крамы «Тавары для дома» стаяў міліцыянер. Вядома ж, то быў робат, бо жывыя хатнія міліцыянеры ў нашую кібер-эпоху ўжо даўно сталі анахранізмам.

— Возьмем крэдыт і купім, га? — умольна прапанавала Таня, гледзячы на новую форму робата. — Ці, можа, на плацяжы разаб’ём?

Толік адказаў насупленым маўчаннем.

— Толік! — працягвала наступаць Таня. — Мы ж з табою ўжо гэта абмяркоўвалі!

І каторы раз паўтарыла правераную гадамі формулу жыццёвай мудрасці:

— Машына — новая ступень свабоды, а хатні міліцыянер — новая ступень парадку.

Прадавачка, пахмурная, не раўнуючы Толік, разгавелася толькі дзякуючы гэтаму кранальнаму відовішчу — з’яўленнем маладой пары, што робіць першыя нясмелыя крокі ў сямейнай гаспадарцы:

— Ну, на свайго першага міліцыянера мы з мужам накапілі, калі нам было па дваццаць пяць, — прызналася яна і яе твар нечакана аквеціла ўсмешка. — У нас тады нават кватэры не было: жылі ў дзвюх прыгнаных з Бетэльгейзэ іншамарках — ставілі ўпрытык адна да адной. А міліцыянер нам харошы трапіўся — уяўляеце, сам насіў у ДАІ квітанцыі нашых штрафаў!

На яе вочы мройнай пялёнкай нагарнуліся ўспаміны.

— Праўда, мы без кватэры і зараз, — дадала прадавачка. — Хаця іншамарак ужо шэсць: мы іх паставілі ў тры паверхі. Ламінат у салоне наслалі і мэбляй абставілі.

Расчуленая прадаваччынай споведдзю, Таня трохі так тэатральна выгукнула:

— Толік, чорт з той заначкай — хачу жыць па-людску!

З даражэзнай пакупкай давялося змірыцца. Перад сыходам з крамы Толік купіў яшчэ запасныя батарэйкі і летняе абмундзіраванне — для свайго новага свойскага жандара.

Дома, толькі яго ўключылі, робат-міліцэйскі адразу ж пачаў шчыраваць: разагнаў электрашокерам несанкцыянаваную алкаголь-вечарынку, якую ў адсутнасць дзяцей ладзіў са сваімі субутэльнікамі цесць Толіка. Потым разблытаў справу-«глухара»: куды губляюцца ўсе шкарпэткі пасля машыннага прання (падрабязнасці справы — аператыўная таямніца). Паралельна пры ператрусе робат знайшоў згубленыя колісь Таняй акуляры, а ў цешчы — порначасопісы на продаж. Наступным крокам робат-міліцэйскі пералавіў усіх мышэй і пацукоў і, начапіўшы ім флікеры, адпусціў на волю. Сям’я не магла нарадавацца новаму парадку.

Потым, за гаўняшкі ў вітальні, пасадзіў на суткі Джэка. Сядзеў Джэк у імправізаваным КПЗ на антрэсолях, і Кацечка насіла (а дакладней шпурляла) туды Джэку перадачы: кілбаскі і «Беламор». Кілбаскі Джэк з’еў, а да «Беламору» не дакрануўся, дык іх падзялілі міжсобку сукамернікі Джэка — суседка цётка Лізавета, што была запхнутая сюды за тое, што пастаўляла Толікавай цешчы на рэалізацыю порначасопісы, а таксама Кацеччына сяброўка па дзіцячым садзе Леначка, якая падчас гасцявання сцягнула ў Кацечкі барбі.

Уначы з крыкам: «Устаць! З рэчамі на выхад!» робат выцягнуў Толіка з нагрэтага ложка.

Таня збянтэжана праводзіла мужа прыспанымі вачыма. Робат-міліцэйскі завёў Толіка на кухню і пад святлом зыркай лямпы загарлаў зноўку:

— Адкуль марыхуана, гаспадар?

— Я не разумею, пра што ты.

— Так, гаспадар, я з табой дудукацца не буду, — узяў быка за рогі робат. — Кацечка і цесць ужо былі на допыце — гэта не іх рук справа. Так што мне засталося сказаць Тані, і тады табе гамон — жонка цябе поедам з’есць!.. Але паколькі ты мой гаспадар, — галасавы мадулятар робата дадаў у словы панібрацкіх інтанацыяў, — дык прапаную табе гешэфт: я адкалупваю рубільнік у сябе на панелі і стуль не буду больш выключацца, а наўзамен следства па справе «Купля наркотыкаў» спыняецца.

Па вяртанні ў спальню Толік лёг і з палёгкай прытуліўся да цёплай жонкі, што праз сон залапатала штосьці няўцямнае. Раптам ступакамі Толік адчуў нешта не тое.

— Таня, а чаму ты спіш у ботах? — спытаў ён.

— Дык пасля твайго арышту я стала рыхтавацца да выкліку на кухню, — прыспаным голасам адказала Таня, — па справе паходжання непрацоўнай заначкі.

— Дурненькая! — Толік яшчэ мацней абхапіў жонку і ўсміхнуўся: — Робат жа не звер: два допыты за адну ноч не агорае. — Ну, нічога, — ён соладка пазяхнуў, — разбагацеем, дык купім у дом больш магутную мадэль, каб хадзіць на начныя допыты разам.