Павал Касцюкевіч. Крыху рэкламы не зашкодзіць

Энергічны голас за кадрам: …Вам надакучыла падыходзіць ранкам да паліцы і бачыць на ёй ўсялякія-розныя шкарпэткі, з якіх у ніводнай няма пары?

Вам абрыдла, усё ж пайшоўшы на гешэфт з сумленнем ды, нацягнуўшы чорную і чырвоную, мармытаць у гасцях нешта кшталту: «У вас такая ўтульная вітальня, можна паем торцік тут?» … І Вам, амаль выпхнутаму ў гасцёўню, абрыдла гістэрычна крычаць гаспадарам: «Паглядзіце ў вакно, паглядзіце ў вакно — там лятучы Памідораў!», каб тымчасам ліхаманкава скінуць боты і хуткастрэльна ўплішчыцца ў першыя-лепшыя тапкі 23-га памеру?...

Зазірнула сонца і ў Ваша аконца! Мы прапануем Вам рэвалюцыйны прадукт, які прынясе Вам душэўны спакой: гэта абсалютна фантастычны, унікальны

набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!

У гэтым цалкам неверагодным наборы Вы знойдзеце ідэнтычныя, тоесныя, тыя самыя, - Божачкі, ды называйце як хочаце! — адным словам, дзве абсалютна аднолькавыя шкарпэткі. Толькі падумайце: два шкарпэткавыя асобнікі, якія адмыслова для Вас вынайшлі найвядомыя навукоўцы, выкарыстоўваючы найноўшыя фарбавальныя і вымяральныя тэхналогіі, якія аніхто не адрозніць ні па колеры, ні па памеры.

Спажывец: Незямная асалода! Вядома, я і раней падазраваў, што насіць шкарпэткі - кайф: яны так прыемна аблягаюць ногу, у іх гэтак утульна. Але з цягам часу высветліў, што не ўсе шкарпэткі аднолькавыя. Рэч у тым, што я — піяніст і ў мяне няма часу глядзець за нагамі. (Бягучы подпіс: Леапольд Швагер, піяніст). Не так даўно, выступаючы перад публікай, пачаў заўважаць, што жанчыны адварочваюць ад мяне позірк і нават пасміхаюцца. Я не мог зразумець, у чым праблема: прарэх жа зашпілены, парэзаў ад галення няма. Я пазбыўся сну, пачаў зазіраць у бутэльку. Пакуль аднойчы сябар не параіў набыць

набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!

Цяпер маё жыццё цудоўна перамянілася: жанчыны на канцэртах зноў пазіраюць у мой бок, а да мяне вярнулася ўпэўненасць. Не паверыце: я нават дазваляю сабе цяпер рэзацца пры галенні і не зашпільваць прарэх. Мала таго: часцяком апранаю пад фрак шорты».

Мужчына ў белым халаце з прабіркай у руцэ на тле хімічнай лабараторыі: Мы правялі сацыялагічныя апытанне 5 тысяч чалавек і 5 тысяч шымпанзэ ва ўсім свеце. (Бягучы подпіс: Вітольд Швагер, сацыёлаг). і ніхто з іх не адрозніў двух асобнікаў

з набору «Аднолкавыя шкарпэткі»©!


Ніводная жывая істота! 100-працэнтны вынік. Гэта фантастыка! Я, як сацыёлаг і ўладальнік дзьвюх дарослых ног, раю выкарыстоўваць у якасці шкарпэтак толькі

набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!

Голас за кадрам
: І гэта яшчэ не ўсё! Акрамя двух шкарпэткавых асобнікаў на любы памер і колер абсалютна задарма мы вышлем на Ваш адрас глянцаваную кардонку, якую прыемна разрываць, калі Вам захочацца ўпершыню атрымаць асалоду ад

Вашага набора «Аднолькавыя шкарпэткі»©!

Адваротны бок тае кардонкі можна выкарыстаць таксама ў якасці кардонкі-для-напісання-чаго-небудзь-на-ёй. І гэта яшчэ не ўсё: Мы дашлём Вам стопрацэнтовую капронавую нітку, якая злучае два шкарпэткавыя асобнікі разам…

…І нават гэта яшчэ ня ўсё! Калі Вам захочацца чагосьці нязведанага, Вы можаце абсалютна лёгка і хутка памяняць шкарпэткі з нагі на нагу, бо нашыя шкарпэткавыя асобнікі выштукаваныя цалкам узаемазамяняльнымі і дасканала прымаюць форму любога ступака, на які насоўваюцца.

Мужчына ў гавайскай кашулі і аранжавых скарпэтках: Здурнець можна!

Спажыўчыха: Раней мой муж з жахам чакаў канца прання, каб зноў не далічыцца некалькіх сваіх упадабанак. Але цяпер, калі я набыла 50 выдатных

набораў «Аднолькавыя шкарпэткі»©,

муж больш не турбуецца: хай сабе колькі знікла ў чэраве машыны -- усё адно маем яшчэ шмат абсалютна аднолькавых асобнікаў. Цяпер назіраць за машынным праннем зрабілася для мужа асалодай. Цяпер у яо заўсёды добры настрой і на 20-годдзе шлюбу ён нават падарыў мне карбюратар.

Голас за кадрам: Дасылайце на наш адрас усяго-толькі 50 у.а. і мы адымчым вам на дом фантастычны

набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©

+шматмэтавую кардонку +100-працэнтную капронавую нітку. І ў дадатак: абсалютна дармавы каталог нашых тавараў, сярод якіх:

Электрычны чайнік, які ПРА-ЦУ-Е

Набор сталовага посуду, які ЧЫ-СТЫ (бо новы)

і хіт сезону:

аўтамабіль, які ЁСЦЬ (абсалютна любой маркі!).