Павал Касцюкевіч. Айчына Кантрабанда

Ашмянскія цёткі ніколі не спяць. Пасля чаўночнага рэйса ў Вільню, ужо ў роднай Ашмяне, яны дастаюць мужа з шафы, кормяць яго, здзімаюць пыл, мяняюць шкарпэткі і вешаюць назад, пад цэлафанавы чахол. Потым ідуць на працу, сядаюць за стол пад партрэтам, налічваюць квартальную прагрэсіўку ўсяму калектыву і — назад, на лінію фронту.

Ашмянскія цёткі зневажаюць законы прыроды: з электрычнай лычкі яны выцягваюць цэлую торбу мухаляпак, схаваны пад майку аполак сала падчас асабістага надгляду сілай волі ўжыўляюць сабе пад скуру, а віно ператвараюць у ваду.

— Марыечка, а ты ў гродзенскім пасольстве (гэтак яны называюць літоўскае консульства ў Гародні) даўно была?.. — пытаецца ашмянская цётка адразу пасля таго, як на квадратных вачах двух студэнтаў ЕГУ прайшла скрозь сценку купэ. Кажучы гэта, яна з ног да галавы ўвешваецца кабанасам ашмянскага мясакамбіната (Як добра, што ў Ашмяне няма «Белшыны»!).

Марыечка, што матэрыялізавалася ў вагоне крыху пазней, не адказвае, бо занятая: па-шагідску абмотваецца 20-кілаграмовым патранташам з хітом сезона, апошняй бомбай: «Балет», крэм для твару.

І атрад спецыяльна навучаных сабак-шукаек таксама разводзіць рукамі: не бачылі, гаў-гаў, не чулі, не ўнюхалі.

Акропаліс, літы, чэйндж, акцыя — словы ашмянскіх цётак точацца мовай старажытных друідаў, якія на злосць шматвекавым захопнікам выжылі і цяпер за сталом занятыя неспасцігальным рытуалам пакецікамачання.

За мяжой жыццё ашмянскіх цётак мінае ў раскошы літоўскіх супермаркетаў і гуртовых складоў, дзе да нябёсаў узносяцца сырныя горы, парванымі кабелямі гойдаецца кракаўская, а мінералка за 2.65, і ўсё-ўсё-ўсё… Хрыстос прызямліўся ў Вільні.

І дзівосныя паўліны пяюць у мясных аддзелах. Малако мяшаецца з мёдам, на пластыкавай пальме спеляцца сапраўдныя фінікі. Гронкі бананаў сыплюцца з усіх амерык свету, а плады ківі, калядная версія бульбы, упарта караскаюцца ў неба.

А хто там ідзе? Даначка, Марыечка, Тарэсачка і Айка. Берагі Вяллі расцвітаюць цудоўнымі садамі Радзімы — пры падыходзе да касаў прозвішчы на бэджыках касірак лагаднеюць, раднеюць. Мацкевіч, Зубарэвіч, Касцюкевіч, Лабуцька і Качуня.

Ашмянскія цёткі жывуць згодна з прынцыпам: «купляйце (і адразу ж прадавайце) беларускае». Па дарозе назад снедаюць чырвонай рыбай, закусваючы літоўскім грыльяжам. Patria o muerte? Я выбіраю смерць, бо начорта такое жыццё, дзе будзе толькі прадукцыя фабрыкі «Камунарка».

Ішлі 89-я суткі візы. Нечаканае і ад таго зыркае сонца засляпіла вочы: мяжа! Пад’ём: ашмянскія цёткі па доўгу службы падфарбоўваюць перад кантролем вусны, або наадварот — змятаюць з твару ўсе сляды жаноцкасці (у кожнай свая мятода). Па савецкім яшчэ самавучыцелі «Таемная зброя пентагонаўскай прапаганды» фліртуюць з літоўскімі мытнікамі і памежнікамі, што, змакрэўшы, лічаць бясконцыя штампікі ў іх пашпартах.

— Сколько раз за эту візу вы пріблізітэльно пожалуйста пересекалі граніцу?

— Сорак сем.

— А что пожалуйста везёте?

— Хну.

— Что пожалуйста?

— Хну.

— Кто?
— Я.

— Вы?

— А то хто! Цяпер мая чарга: хто вы па знаку Задыяка?

— Понятно, понятно. Можетэ пожалуйста не открывать…

— І ўсё-ткі?

— Баран, пожалуйста, овэн.

— А я -- Дзева. І, калі ласачка, пастаўце мне штампік на 26-ую странічку…

Ашмянскія цёткі ненавідзяць студэнтаў-егэушнікаў, бо як можна галасаваць супраць, вучыцца супраць, калі наўкола такая радасць і сынок Жэнечка ў Мінску, на трэцім курсе нархозу.

«Жэнечка, сыночак, шосты вагон, прыгожая такая правадніца, — цяпер кажа Айка ў мабільны, па-змоўніцку падміргваючы згаданай вышэй правадніцы. — Ага, вантрабянку перадала і мегаснікерс у асобным чамадане. Забярэш. Стаянка ў Мінску дваццаць хвілін».

Айка пакідае прыгожай правадніцы вантрабянку і наладаваны чамадан ды выходзіць у Ашмяне. Але яшчэ ў Смаргоні да прыгожай правадніцы завітвае сяброўка з суседняга вагона: яны выпіваюць па сто каньяку на вішні і закусваюць пальцам пханай вантрабянкай. І таму ў Мінску сын Айкі атрымлівае ссохлае нешта-нейкае, няўежную куплёнку. Падмена выкрываецца: тады наступным разам Айка ў перадаваную вантрабянку кладзе гайку. Тады правадніца, якая праз выламаны зуб мудрасці страціла сяброўку, наступным разам робіць кропкавую наводку. І элітнае аддзяленне мытні па пошуку памежных далікатэсаў хутка і лёгка выбаўляе са страўніка Айкі оптавыя колькасці атруты ад мышэй ды сто ўпаковак віцебскага валідолу і выводзіць Айку на перон, пагаварыць. Тады жывая і палягчэлая ў выніку той размовы на дзве столітавыя купюры Айка наступным разам пры пасадцы ў вагон падкладае ў купэ прыгожай правадніцы шыферны цвік. Тады, страціўшы навыкі сядзення, наступным разам правадніца бярэ і… Але ўсё па парадку…

Начны разбой, здрада, забойства, рабунак — усе гэтыя з’явы адбываюцца ў рэальнасьці і таму адлюстраваныя ў мове. Учынку ж прыгожай правадніцы нават не знаходзіцца назвы, бо гэты ўчынак горшы нават за Чыкацілаў. Прыгожая правадніца запрадала святы абшчак, стуканула на ўсю дзявочую арцель разам. Паказала мытнікам схованку на дзвесце бутэлечак кантрабанднага шампуню. І сама ж, сучка, у долю ўвайшоўшы была! «Там, там, таварыш капітан, далібог, на столі, за вентыляцыяй, за краткамі, толькі за якімі — дык не скажу. Не я хавала».

Вось яны перад абліччам святой інквізіцыі стаяць: Марыечка, Даначка, Тарэсачка і Айка. На якую ні глянь — усе пагалоўна сумленне нацыі, а іх маўчанне глыбокае, як возера Шо. Мытнікі зганяюць пасажыраў з наседжаных месцаў і, пераможна сцяўшы зубы, адкручваюць вентыляцыйныя краткі. І ў гэтай цішыні, дзе чуваць, як аб задушлівае паветра вагона б’юцца анёльскія крылы ашмянскіх цётак, здрадніцкі жывот Тарэсачкі з’едліва буркоча: «А вось у Шчорсах украінскія мытнікі адкручваюць прадухі за восем секунд».

Мытнік з адкруткай на верхняй паліцы перастае пачувацца бравым тэхнікам «Формулы-1», які пайшоў на рэкорд па хуткаснай змене шынаў. Яго толькі што прынізілі да статусу ідыёта-пераростка, што на вачах аднагодкаў-падлеткаў калупаецца пластмасавым шуфлікам у пясочніцы. Мытнік мае вочы зацкаванай панды, якой няма чаго губляць. Ой, Тарэсачка, што ж ты нарабіла…

Пад рулямі казённых калаўротаў ашмянскія цёткі па ўсім вагоне самі адкручваюць вентыляцыйныя краты.

— Бачу, бачу! — крычыць з далёкага канца вагона Айка.

— Шампунь?! — радасна выгуквае мытнік.

— Неба!

Злосны, як кракадзіл, мытнік сунецца ў той канец, каб пакараць словалюбную тарбэчніцу. Але паспявае пабачыць толькі яе азадак у палонцы вентыляцыйнай шахты. Ногі Айкі звіваюцца, як вадзяныя змеі. Тулава ж, падуладнае невядомай сіле, пакрысе ўвінчваецца ў адтуліну. Айка бы тая з анекдота пчала, выгадаваная прагрэсіўнымі бээсэсэраўскімі пчалярамі да памераў слана, «у вулей пішчыць ды лезіць». Мытнік спахопліваецца, але не паспявае ўхапіць, і пяты Айкі спрытна знікаюць у вентыляцыйнай адтуліне.

І вось Айка па той бок акна: крамяная, мажная, у соусе цягніковага дыму. Смачна лунае ў паветры літоўскім цэпелінам. Яе ногі весела збіваюць вакзальнае паветра на казіны сыр. Айка круціць праз шыбу мытнікам дуліну, а на поясе трымае торбу кантрабандных шампуняў.

— Семафорны мост, яна ўчапілася за семафорны мост над вагонам! — бурчыць няўрымслівы Тарэсаччын жывот.

Аднак тут па завэдзганым экране акна пралятае грымотны таварняк. Та-тах-тах-тах, та-тах-тах-тах — сто сценабітных таранаў у кірунку брамы далёкай Берасцейскай крэпасці. Грукат аціхае. Ашмянскім цёткам і гудагайскім мытнікам вочы засціць жалобная ашаломленасць. Няма больш Айкі — над каляінай лунае толькі сузор’е мыльных бурбалак. У іх зіхцяць маленькія тварыкі Айкі, на якіх усмешкай чашырскага ката застыла кплівая грымаса. Вецер ненавязліва так зносіць тыя бурбалкі ў бок літоўскай мяжы.

— Яна паспела залезці на арматурыны маста! — зноў заходзіцца жывот Тарэсачкі.

Седзячы на семафорным мосце, упараная ад міжвольнай гімнастыкі, Айка зноў усміхаецца сяброўкам і памежнікам і непаслухмянымі пальцамі выкручвае дулю. У другой руцэ сутаргава сціскае адзіную ацалелую бутэлечку «Дароў Палесся». Густы як чыгун, зялёны як гуталін, шампунь на выхадзе ператвараецца ў бязважкія бурбалкі, не раўнуючы як матылёк з кокану.

Адзін з мытнікаў траціць прытомнасць.

І тут з глыбіняў космасу прылятае вогненная камета — запозненая рэакцыя Галактычнага розуму, які ўсё ГЭТА і стварыў, а цяпер чыста па-чалавечы стаміўся. Бо як так можна — столькі стагоддзяў з насельнікамі гэтай планеты было ўсё ў парадку — усяленская туга, мукі душы, усё ў такой манеры. А тут, бач ты: праз сценкі людскога вагона прашыліся ашмянскія цёткі і нахабна разгайдалі светабудову. І камета дашчэнту выпальвае Айку з цэлым кавалкам семафорнага моста. Уф, ну, нарэшце...

Развярнуўшыся ў Вільні, асірацелы без ашмянскіх цётак цягнік бяжыць ад літоўскай мяжы праз сібірскія снягі на Усход, у сэрца нашай Радзімы, у Магілёў. У вагоне ціха падае снег. Прыгожая правадніца, стоячы, рыдае — выбуховай хваляй камета выбіла шыбу ў яе купэ, і кантрабандны пітон, схаваны пад ложкам, спруцянеў на марозе. На месцах, указаных працаўнікамі састава, сядзяць выключна ўнутрырэспубліканскія пасажыры. Пра існаванне замежных краін яны чулі адно з бяскроўных вуснаў тэлевядучай. Яны нічога не ведаюць пра вадаспады і фантаны віленскіх гіпермаркетаў, пра мегатруфелі ўвышкі з піраміду Хеопса, пра тое, што ёсць на грэшнай зямлі такія Даначка, Марыечка і Тарэсачка, — і што была такая Айка.

І толькі ля самай падлогі, між батарэяй і ложкам адной з баковак, праз усе слаі дэрмаціну і жалеззя, поячы наваколле дзівосным водарам, зіхціць нязгасным рубінавым святлом надзейна забытая «Папараць-кветка», для ўсіх тыпаў валасоў, персанальная Áйчына кантрабанда.