Павел Капанскі. Навагодняя гісторыя

Знянацку я зразумеў, што трахнуў фею.

Засунуў палец у рот і праверыў зубы. Усе на месцы. І чаму б ёй прыходзіць за маімі зубамі. Малочныя даўно выпалі, а цяпер я карыстаюся добрай зубной пастай.

Фея ляжала поруч і спала ціха-ціха. Не варухнулася ні разу. Асцярожна аглядзеў пакой. Нічога новага. Ніякіх табе падарункаў, скрынак з бантам ці новай тэхнікі. А хутка Новы год. Значыць, падарункаў яна таксама не прынесла. Але нічога і не спёрла.

Крыўдна, мне б прыдалася новая пральная машына. Альбо, каб скралі стары тэлевізар. Ніякіх сіл на яго не хапае, каб выкінуць.

На крэсле поруч ляжала мая вопратка. Ейнай не было відаць. Можа быць феі голыя лётаюць. Трэба будзе ў вікіпедыі глянуць.

Отжа халера, забыўся, што і інтэрнэт у мяне даўно не працуе як след. Кожны месяц спраўна плачу грошы, а ён не працуе. Вось так прачынаешся ранкам і думаеш, што свет зрабіўся лепшы. А ён не зрабіўся. А ты трахнуў фею.

Учора бачыў, як стары мужчына купляў у абменніку даляры. Шэсць штук. Не штук, а штук. Хвілін пятнаццаць касір пералічваў беларускія грошы, а потым акуратненька перадаў яму шэсць штук. Мужчына паклаў даляры ва ўнутраную кішэню курткі і нават не пералічыў. Адразу пайшоў у аддзел з беляшамі. Напэўна, дахера беляшоў можна прыдбаць за такую суму.

А я стаяў здаць дзесяць даляраў, каб пастрыгчыся. Але што гэта я, за даляры у нашай краіне беляшоў не купіш. Нават за шэсць штук.

Зноў паглядзеў на фею. Светлыя валасы распаўзліся па падушцы. Як піць даць, потым гэтыя валасы можна будзе знайсці па ўсяму ложку. Бляха, калі б так хацеў валасоў па ўсёй хаце, дык завёў бы коллі. Хаця не. Яе ж карміць трэба. А феі, напэўна ж, кормяцца неяк самі. Вось так заходзяць да каго па зубы, а выходзяць катлет якіх пад’еўшы, пакуль усе дрыхнуць. Неблагая прафесія.

Я заглянуў пад коўдру. Не дай бог падхапіць якую фейную заразу. Яшчэ не дай бог там у яе хвост ці што. А што, я ж ніколі так нажывую не сустракаўся з феямі. З ведзьмамі ў прадуктовым — бывала, з кашчэямі па кабінетах розных дзяржаўных устаноў — пару разоў. З феямі нешта не шанціла.

Вось мой дзеда, напрыклад, нябожчыка сустрэў. Дзеда хадзіў ля чыгункі, бутэлькі збіраў. Такая звычка ў яго з гадамі ўсталявалася. І сустрэў нябожчыка. Не жывога, а мёртвага. Той ляжаў голай дупай дагары і не варушыўся. Дзеда яго палкай тыкнуў у пасінелую дупу і зразумеў, што нябожчык мёртвы.

А якая звычка ў мяне будзе, калі пастарэю? Я думаю, пачну збіраць ягады. Хадзіць па лесе з кошыкам і збіраць маліны. Ці гэтыя, блюбэры. Чорт іх дзяры, як жа на халеру гэта па нашаму?

Тут фея перавярнулася на спіну, і я пабачыў яе твар.

Аднаго разу я быў каля Фінскага заліву. Сеў на лаўцы і глядзеў у бясконцую далячынь воднай прасторы. Да мяне падсела жанчына. Хвілінку мы сядзелі моўчкі, а потым яна расказала, як добра жыць на Салаўках і што мне абавязкова трэба туды патрапіць. На што я адказаў, лепей вы да нас на Магадан і рэціраваўся, так і не даслухаўшы, як ёй прысніўся Саламон, які душыць льва.

Дык вось на фейны твар можна было таксама глядзець гадзінамі. Толькі лаўкі ў маёй хаце няма. Хаця што гэта я, хата ж таксама не мая. Як казаў адзін мой знаёмы, на мне з майго толькі валасы на грудзях ды на нагах.

Дарэчы, хваста ў феі не было. І крылаў таксама. Але гэта базіснае для феяў. Ім адназначна павінны выдаваць нейкае такое абмундзірванне. Ці бэджык. Ато як людзі зразумеюць, што фея гэта фея?

Ох, маманька!

Раней, калі я жыў з бацькамі, у нас быў музычны цэнтр. Элджы. З таго часу ў мяне непрыязнь да элджы, бо гэтая падла вельмі хутка перастала прайграваць дыскі. Затое лавіла радыё, нават калі была выключаная. Уначы можна было пачуць прызыўнае: “Матрёшкі, матрёшкі”, а праз некаторы час бадзёрае: “Адбой, кантора!”

Але ж не, матрошкі, яны ж складваюцца. І разкладваюцца. І фэйс у іх намаляваны. Гэта павінна быць фея.

Вельмі асцярожна я выслізнуў з-пад коўдры і хуценька сеў у крэсла, каб лепей прыгледзецца да пакою і да феі.

Пакой, як быў перад сном. Стол, падпаленая свечкамі шафа, з прыгожымі чорнымі слядамі ад нядаўна падпаленай свечкі, недаедзеная булачка, недапітая бутэлька цёмнага Гуся. Тройчы перазабіты кальян глядзеў на мяне і пытаўся: “Можа ты, братка, занадта паліш?”

Фея раскінула рукі на ложку і працягвала спаць. Я паглядзеў на гадзіннік. Згадаў заадно, што яго няма. Мінулы сусед з’ехаў і забраў усе самыя карысныя рэчы ў хаце. Гадзіннік ды мікрахвалёўку.

Я дацягнуўся да тэлефона. Восьмая раніцы. Прыгадаў дзень. Нядзеля. Файна. Нікуды не трэба ісці. Нічога не трэба рабіць. Хаця не, дрэнна. Так можна было б зваліць з хаты на працу, хай бы тут сама разбіралася, што да чаго. Глядзіш і ў хаце б прыбралася. Я б ёй яшчэ цыдулку пакінуў, дзе што памыць трэба.
Пакуль я гэта ўсё думаў, трошкі звыкся з фактам, што фея ляжыць на маім ложку і, відавочна, я яе трахнуў.

Ну, як жа, не мог не трахнуць. Я ж сябе ведаю. Тым больш раніцай.

Ціхенечка пракраўся ў ванную. Паглядзеў на сябе ў люстэрка. Няголены. Сінякі пад вачыма. Але пачуваўся я добра. Нават на нейкім такім душэўным пад’ёме.

Я трахнуў фею.

Я — няўдзячны скот. Канешне, ніхто ў дзяцінстве не казаў, маўляў, як падрасцеш, фей не трахай. У дзяцінстве ўвогуле мала што карыснага казалі. Але мог бы і сам здагадацца. Можа ёй зараз трэба быць увогуле ў іншым месцы, каб зубы забіраць. А яна тут стомленая ляжыць. Можа ёй за гэты пракол потым фейнае начальства наваляе. Прэмію здымуць. Кветкавую пыльцу лішні раз не дадуць панюхаць.

Я захваляваўся. Што далей? Як размаўляць з феямі? А што, калі яна па-нашанску ні бельмеса. Я, па праўдзе кажучы, ніякай фейнай мовы не ведаю. Нават не вучыў. Адзінае што, можа яна па ангельску шпрэхае. Тады я мог бы ёй сказаць, маўляў, айм вэрі соры, бат ю нід флай эвэй.

Хаця як жа яна флай, калі і крылаў у яе няма? Дылема.

У дзяцінстве ў мяне былі папугаі. Калі тыя не хацелі лётаць, іх можна было проста падкінуць і яны былі вымушаныя замахаць крыламі. Можа фейныя крылы недзе схаваныя?

Я памыў твар і пайшоў назад у пакой, каб паглядзець, дзе могуць быць схаваныя крылы. Залез пад коўдру. Але там нічога дзіўнага для сябе не знайшоў. Фея, мягка кажучы, нестандартнай камплектацыі.

За вакном стаяла зіма. Снега не было. Плюс сем на градусніку. Зіма, маць яе за нагу. Не зіма, а вясна. Можа феі — прадвеснікі хуткай змены надвор’я? Можа яна прыйшла сказаць, што Новага года не будзе?

Я не варвар, але за такія звесткі трэба б ёй крылы спілаваць. Спачатку прыклеіць, а потым спілаваць нафіг.

У гэтае самае імгненне, калі мае думкі плаўна перайшлі на надвор’е, у дзверы пастукалі. Дзіўныя рэчы сёння адбываюцца.

Ці не дзіўна: у цябе стаіць дамафон, а да цябе ў дзверы грукаюць кулаком. Нават лепей, у цябе акрамя дамафона ёсць на дзвярах званок, які ўсе прыстойныя людзі ціснуць. Адтуль павінна была б граць музычка. Але ж не, нехта грукае ў дзверы кулаком.

Я, канешне, разумею, што ў краіны цяжкае эканамічнае становішча і трэба эканоміць. Я ужо нават пачаў выкарыстоўваць меньш вады. Напрыклад, калі чышчу зубы добрай зубной пастай, дык выключаю кран. Яшчэ імкнуся меней вады праліваць у душы, калі мыюся. І электраэнергію берагу ды эканомлю. Па вечарах адну лямпачку палю і ноўт. Тэлевізар нават не ўключаю. Але каб эканомія дайшла аж да той ступені, што людзі перасталі ціснуць званок на дзвярах, гэта ўжо перагіб.

А перагібаюць заўсёды брутальныя людзі. А калі за дзвярыма брутальныя людзі, я б не хацеў іх пускаць у хату. Чаго ім, брутальным, ад мяне трэба? Пэўна ж, яны прыйшлі скрасці маю фею. Хера з два.

— Адчыняй, мы ведаем, што яна тут!

У дзверы пагрукалі зноў, яшчэ больш настойліва. Яшчэ і крыкнулі. Голас сапраўды брутальны.

Я пайшоў на кухню, узяў нож. Памыў нож, бо ён быў нейкай каўбасе ці што я там учора еў, і падышоў да дзвярэй, паглядзець у вочка.

Там я пабачыў жанчыну, гадоў так сорак з гачкам і мужчыну прыкладна таго самага ўзросту. Так, на першы погляд яны падаваліся сямейнай парай.
Ах ты ж ёмаё!

Як жа я не дапёр адразу! Гэта ж фейная сям’я.

— Ну заходзьце, каліласка, - адчыніў я імгненна дзверы і пасля гэтага моманту на нейкі час праваліўся ў чорную бездань.

Шчыра кажучы, я заўсёды думаў, што мяне ў чорнай бездані будзе чакаць лодка. У лодцы нейкі маўклівы хрэн з вяслом, які перавёз бы мяне да іншага маўклівага хрэна. З тым іншым мне трэба было б згуляць у шахі. Я б яго выграў і патрапіў ў вырай.

А інакш на халеру я вывучаю двццаць гадоў усе гэтыя сраныя гамбіты і чытаю замест улюбёнага Эміса партыі Карпава ды Каспарава?

Чорная бездань знікла. Мая сківіца няўмольна балела, а галава трашчала, як заўсёды на першы дзень пасля Новага года. Няўжо я прафукаў Новы год? Ці гэта арганізм настолькі прызвычаіўся да ўсяго навагодняга рытуалу, што адразу ўключыў рэжым першага студзеня? Я сплюнуў. Адзін прыгожы белы зуб з кроўю выпаў на падлогу.

Спачатку я захацеў падняцца і пашукаць фею. Але зразумеў усю безнадзейнасць гэтай задумы. Відавочна, што фейныя бацькі забралі яе.
Таму, лежачы на падлозе ў адных труселях з падбітай сківіцай, я зрабіў некалькі важных навагодніх высноў.

Кароткія рэкамендацыі на выпадак, калі вы трахнулі фею:

1. У першую чаргу пераверце, ці ўсе зубы на месцы. Не забывайце ні на хвілінку, што феі прыходзяць па зубы. Нават калі вам падаецца, што гэта не так.
2. Калі вы не ўпэўненыя, што гэта фея, уважліва агледзьце тое, што ляжыць поруч з вамі. Але майце на ўвазе, нават калі ў феі няма крылаў, вопраткі ці бэйджыка, гэта не значыць, што яна прыйшла не па вашыя зубы.
3. Калі ў вашай галаве засела настойлівая думка, што вы трахнулі фею — чакайце фейных бацькоў. Калі дачакаецеся, не адчыняйце ім дзверы. Спачатку пацікаўцеся, на ўсялякі выпадак, ці не хварэе фея на які букет спецыфічных фейных захворванняў. Фея пойдзе, а вам з гэтым жыць.
4. Калі нават вы даведаліся ўсё, што хацелі, не адчыняйце дзверы. Бо, калі фея не падае ніякіх сігналаў, то яе бацькі адназначна прыйшлі па вашыя зубы.
5. Феі — вынаходлівыя падлюкі. Будзьце вельмі ўважлівыя, калі вам у новым годзе прыйдзецца трахнуць фею.
6. Беражыце зубы.
7. Калі ўжо так сталася, што пад самы Новы год вы трахнулі фею, а яна забрала ваш зуб (а вы памятаеце, што ім толькі гэта і трэба), то адсвяткуйце як след, а потым знайдзіце фею і ажаніцеся з ёю.

— Вось сынок, такім чынам я пазнаёміўся з бацькамі тваёй маці.
— І на што ты расказаў мне гэтую мярзоту?
— Ну трэба ж было з некім падзяліцца, а дзядзька Іван з’ехаў некуды.
— Ты хочаш сказаць, што гэта была навагодняя гісторыя?
— А чаму не? Гэта ж адбылося пад Новы год.
— Бацька, я, напэўна, здагадаўся, чаму маці ад нас пайшла.
— Чаму?
— Ты прыдурак, тата, і дай мне ўжо мае мандарыны.