Павел Капанскі. Рамонт абутку

рамонт абутку
ў захалуснай будцы
паварот налева
ў спавядальную цемру
пакідаеш туфлі
атрымоўваеш
жалезную індульгенцыю
і выходзіш
на спякотны шлях
з кінутых у цябе
камянёў

у тваю адсутнаць
адбываецца сапраўдны
цуд сутнасць
якога накшталт вяртання
дзявочай чысціні
Венеры
выправіць каблук
набіць набойкі
зрабіць заплатку
на пацёртым месцы
ля вялікага пальца

сцерці твае паходы
крыжовыя
супраць дзіцяці ў тваім сэрцы
усе начоўкі пад голым небам
затаптаныя недапалкі
у падваротнях
апасля пацалункі ў сухія вусны
і крос ад бацькоў
па неасветленых районах
вузкіх

накласці прафілактыку
на стаптаныя падэшвы
сямейнага ладу
на твае танцы
на чужых вяселлях-памінках
на тваё выкраданне
нявесты-эўропы
і мроі ў забыцці
пра сваю
непаўторную ў сваім родзе

застаецца
толькі звязаць горла
змеям-эскулапам
трымаючым стапу
без хістанняў
і пакласці разам
сведкаў твайго
сталення
левы і правы
няхай левы заўсёды
вёў у пекла
а правы быў занадта
сціплы каб нешта даводзіць
цуд ставіць іх разам

у спавядальнай цемры
з-пад мацерчатай заслоны
там, дзе твой святы айцец
не ведае ойча наш
і паліць адну за адной
у будцы без вокнаў
за нас