Павел Капанскі. Мужчыны павяртаюцца дадому

мужчыны павяртаюцца да дому
з рыбалкі
цьвярозыя
з поўнымі торбамі рыбы

дзеда, мы зробім гэтую краіну лепшай
зменім код адсутнасці
на код прысутнасці
увядзем яго ампулай
у самы мазжачок
і ён разальецца па падкорцы
без шансаў на антыдоты
дарэчы аб дотах
ўвядзем танкі
ў вены
на плошчу сэрца
і ёбнем па сталінскіх забудовах
а потым
спалім сябе перад кожным вокам
кожным акном перад зачыненымі дзвярыма перад мурамі і кратамі
і попел наш заб’е страўнікі
катаў і слова нашае стане
ў іх папярок горла
слова на роднай мове, дзеда

дзед жа, павёўшы вочы,
ціхенька так адкажа:
якая краіна? чыя мова?
якая мова? чыя краіна?
прыйшоў час
навучыць цябе
лавіць рыбу
хаця б на донку