Павел Капанскі. Я ўзяў на пракат шафу

я ўзяў на пракат шафу,
сказалі ў краме, што
адной шафы хопіць
на ўсё жыццё, толькі
берагчы трэба

а ў шафе рэчы,
невядома чыі, невядома адкуль
але ўжо чую
як мне ідзе той спінжак
няхай ніколі яго не апранаў

і назапашваецца хлам гэты
з імпэтам
выкідваеш адну рэч
купляеш дзве
тры дораць табе
твае гены і сябры
яшчэ чатыры
не адпускаюць тваёй уявы
іншыя пад ложкам
чакаюць як ты збочыш
і здрадзіш
свайму густу

вечар пачынаецца тады
калі запальваюцца
шафы
калі смурод ад паленых рэчаў
запаўняе кварталы
а вы ходзіце вуліцамі
жывеце дамамі
і не адчуваеце
як легальна
у вашыя лёгкія трапляюць
чужыя рэчы
як вашае сэрца раз’ядаюць
спадніцы
як у роце збіраюцца
штаны каб іх сплюнуць
на газон

гэта прыгожы
нейлонавы вечар
расцягваецца
на тваіх нагах
хадзем са мной
у шафу
там цёмна
там цёпла
там жах

там тлеюць тканіны
сто адсоткаў бавоўны
дзвесце адсоткаў надзей
трыста адсоткаў хімераў
задушаных у зародышу
як сон
які не хочаш бачыць
і таму прачынаешся

там дажываюць
апошнюю восень туфлі
трымціць і баіцца зімы
восеньскае паліто
там
на цвік
акуратна прыбіта
сэрца
сто адсоткаў пачуццяў
дзвесце адсоткаў спробаў
трыста адсоткаў паразак

вечар пачынаецца тады
калі мы
зачыняем за сабой
дзверы
падпаленай шафы
і я
рву твой нейлон
на шматкі