Павел Капанскі. Я нібы бочка квасу

я нібы бочка квасу
жоўтая з чырвонымі плямамі
адзіны аб’ект у сусвеце
на які не звяртае ўвагі NASA

ля майго краньчыка
сядзіць прадавачка гадоў 19
яшчэ ўчора мроіла
пра лакаяльныя рэвалюцыі
на майданьчыках

а сёння разлівае
мяне забрадзіўшага
ў страўнікі мінакоў
і не думае ні аб чым іншым

мне калі ласка нуль пяць капанскага

ой, я б вам не раіла такое лайно
лепей лідскага ці хатняга

ён жа, капанскі гэты,
амаль чвэрць веку ў бочцы гадуецца
так паляжыць
пазней перакуліцца
а бочка з месца не рухаецца
стаіць на францыска скарыны
зрошчаная сімпатыяй нейкай Марыны
што зараз у Польшчы
а ведаеце што ён робіць
калі згадвае яе?..
правільна, дрочыць

а ведаеце чаму я сяджу
і торгаю ягоны краньчык?

бо ён паабяцаў мне
наліць вершаў
у мой пласцікавы стаканьчык