Ігар Канановіч. Мароз і сонца

Мороз и солнце — день чудесный!
А. С. Пушкин

Ізноў надвор’е супраць нас.
Я з шуфлем у руках загіну!
Зіма ударыла ў адказ
На фанабэрлівыя кпіны...

Падворак за паўсутак... знік!
Вяду ва ўсе бакі траншэі.
Завея з’ела сакавік.
Мароз і сонца — без надзеі!..

Магутна, жудасна мяло!
Шпурляла хвалі снегу поле!
...Заўзята лаецца сяло
І прабівае шлях да волі...