Ігар Канановіч. Накцюрн

Ноч патушыла
радыёстанцыі
чалавечых свядомасцей,
і мне лягчэй лунаць
у чорным,
халодным небе –
нішто не збівае з панталыку
прыборы навігацыі…

Ноч дабраславіла
мае камуфляжныя
хмурныя крылы
на ўвесь тэрмін
свайго панавання.

Зоркі ўверсе
міргаюць зоркам унізе.
Змаўляюцца патаемна
або дражняцца па-сяброўску?

А я паміж імі.
І мне нічога не трэба –
толькі б своечасова
надышоў ранак,
і не скончылася ў гэтае
імгненне
ноч.