Ігар Канановіч. Прыступка

В мой старый сад, ланфрен-ланфра,
Лети, моя голубка!
(з вядомай песні)

Да выбухаў натхнення ты прыступка.
Табою Бог жыццё пасаладзіў.
І ўсё-ткі я паэт, мая галубка.
Мо лепшага — нармальнага — знайдзі?

Нашто табе нястача, меладрама
І гурт таленавітых недарэк?
Твой выбар ну ніяк не ўхваліць мама.
Яна кансерватыўны чалавек.

Хвіліны шчасця будуць, верагодна.
Ды, верагодна, будзе і кашмар.
Я — цяжкая, няўдзячная прыгода:
Буян, ліхач, нядбайны гаспадар...

Зірні, я для цябе — да дна прыступка!
Крумкач крывавы з песняй салаўя!..
Маўчу-маўчу! Не плач, мая галубка!
Хадзі сюды, маленькая мая!..