Югася Каляда. Сіндром раптоўнай смерці

Сюжэтны тупік; незажыўлены шнар,
якога з аблічча ня зьдзерці;
тады рэжысэр выпраўляе сцэнар
сіндромам раптоўнае сьмерці.

Закінуты сквер як балотны аер.
Чужы лістападаўскі горад
маршрутам нязнаным выводзіць яе
пад вокны каханкі ягонай.

Ні злосьці, ні рэўнасьці ашалелай -
спроба пазбавіцца болю,
спатоліць тугу незнаёмых, але
адной аб'яднаных любоўю.

А той, - ліхтароў мірганулі агні, -
сюжэтам прыбраны далёка, -
пачуць іх ня можа, убачыць ані
праз даўкую вату аблокаў.