Югася Каляда. Рукою шчаку трымаеш, трываеш боль

Рукою шчаку трымаеш, трываеш боль,
нібыта любоў. Падобна, але не любоў.
Змочанаю алеем, што намяшаў Люголь,
ваткаю затыкаеш лакуну паміж зубоў.

Лёс уласнага болю ведаеш напярод:
сьвідравальнага джала складаны манэўр,
сківіцу на рэнтген, "не закрывайце рот",
"плюйце!", гадзіну ня есьці; забіты нэрв.

Ну а далей трывае небалючы працэс;
закатаваны, шчэрыш посьмех без амбразур.
У люстры, шчаку задзершы, вывучаеш пратэз,
падобны да зуба; прыгожы, але ня зуб.