Югася Каляда. Я ела снег



Я ела сьнег, непрытомная, ў сне;
ён раставаў ува мне:
добра пасолены вуліцаў снег,
пыльны снег на акне;

снег мандарынавы з-пад ліхтара;
неруш абапал шашы;
снег, што пратэктарамі ўзараў
рух каламутны машын;

снег, што крывавяць пажар, салют,
нованароджаны дзень;
снег, як неба адказ, на зямлю
са спазненнем ідзе.

Талы, з пяском, з недапалкамі, снег
Кіеўскім спускам сцякаў
і па прыступках бег да мяне.
Я ела снег; я рака.