Паліна Качаткова. Начныя размовы пра матылёў

Ёсць словы, якія не варта казаць.

Ёсць рэчы, пра якія лепш не ведаць.

Давайце пагаворым пра матылёў.

Матыль — гэта матыль, прыгажосць. Ён ніколі не сядзе ні на што брыдкае.

Ці матылі нейкім чынам звязаныя з тым, з іншым светам?

Крылатая Душа-Псіхея? Не ведаю. Магчыма. Паэты так лічылі, не людзі. Душа-матыль? Наўрад ці.

А што вы ведаеце пра матылёў?

Некаторыя віды матылёў могуць пераляцець цераз мора. Ёсць такія матылі — пралятаюць тысячы кіламетраў. А ёсць матылі — жывуць адзін дзень — аднадзёнкі. Празрыстыя самотныя душы.

Ці дажываюць да вясны тыя з іх, хто хаваецца восенню?

Дажываюць? Восенню яны лезуць хавацца. Лезуць ва ўсе цёмныя месцы — пад драўляны ложак, пад канапу, за шафу. Іх шмат-шмат набіваецца. Бывае, яшчэ цёпла, а яны ўжо залазяць.

А да вясны дажываюць?

Думаю, што некаторыя з іх — маладыя. Маладыя — дажываюць.

Неверагоднае мноства матылёў апынулася ў кватэры на вуліцы Алтайскай у Мінску — на выспе маёй часовай незалежнасці. Там я жыла, памятаеце? Матылі былі паўсюль — у пад’ездзе і ў кватэры. Сядзелі як прыклееныя на столі і сценах. І ў ваннай. Спалі, склаўшы крылы.

Калі я адчыняла вам дзверы, матылі зрываліся з месцаў і кружыліся, кружыліся. Узляталі пры кожным нашым руху. І зноў нерухомелі на сценах і столі. Ціха складвалі і раскладвалі пяшчотныя крылы, разгортвалі і згортвалі, як кніжныя старонкі. Толькі тады я не ведала, што напісана ў той кнізе.

І куды яны пасля падзеліся? Восень, кастрычнік. Матылі маглі забіцца куды-небудзь і схавацца. А маглі вылецець праз вокны і паляцець далей. Яны маглі паляцець далей, але гэта была восень, кастрычнік. Куды яны падзеліся. Куды? Інсекты добра ўмеюць маскавацца. Я цяпер вельмі часта думаю пра гэта.

Яны пражылі пэўны час у той кватэры. Я таксама пражыла там пэўны час. Памятаеце, я радавалася, калі набыла лямпу з аранжавым абажурам? Лямпа стаяла на падлозе побач з кілімам брэсцкай вытворчасці з выявамі паўлінаў. Яшчэ былі канапа і тэлефон на зэдліку. Фіялетавая пуховая коўдра, новыя махровыя ручнікі. Апошні паверх. Пад балконам дрэвы з жоўта-чырвоным лісцем. Цёплая восень. Краявід з электрастанцыяй.

І паўсюль матылі. Вядома, рэдкае відовішча ў наш час. Незвычайнае. Гронкі матылёў. А можа, гэта было перасяленне ў вырай?

Мы гаварылі, рухаліся, матылі лёталі.

Помню вас у дзвярах і помню матылёў — яны маглі заляцець у вітальню следам за вамі ці, наадварот, вылецець у пад’езд, калі вы сыходзілі.

Цяжка паверыць, што не вернемся туды.

Матылі, якія ўвосень залятаюць у кватэры і пад’езды, шукаюць сховішча… У красавіку, калі цяплее, яны ажываюць. Некаторыя за зіму знікаюць, паміраюць, высыхаюць, астатнія пачынаюць вылятаць. Калі дастаткова цёпла, я ім акно расчыняю і выпускаю на сонейка. А бывае, што і зімой, калі горача, яны вылятаюць і пачынаюць біцца ў шкло раней часу.

— Гэта тыя самыя, якія восенню схаваліся за шафу, пад ложак?

— Так, калі цяплее, яны вылятаюць.

— Вы хочаце сказаць, што яны могуць перазімаваць?

— Так, яны могуць перазімаваць.

— Ну, некаторыя паміраюць, напэўна?

— Напэўна.

Матылі вылятаюць вясной, калі пах сырой зямлі робіцца невыносны — адтала зямля і ўсё, што ў зямлі.

Паветра вільготнае, вецер…

Вецер варушыць валасы, дакранаецца аднолькава да ўсяго — жывога і нежывога. А ў паветры з’яўляюцца прыгожыя вясёлыя матылі. На людзей тымчасам проста страшна глядзець — выходзяць на вуліцы з шэрымі тварамі — быццам усю зіму правялі ў зямлі.

Бываюць такія вясна-лета-восень, калі матылёў асабліва шмат. А бывае — амаль няма. Памятаю, у жніўні — у двары і на верандзе — іх было процьма. Про-цьма, цьма і цьма. Я чытала кнігу ў крэсле, яны на мяне сядалі і махалі крыльцамі, я была ціхая і нерухомая, таму яны так рабілі.

Цяпер распавяду, як мяне ўразіў вялікі чорны матыль з блакітнай каёмкай — антыопа. Так атрымалася…
Калі праводзілі класіфікацыю матылёў, некаторым з іх дасталіся імёны міфалагічных істотаў. Вялікі чорны матыль атрымаў імя антыопа ў гонар адной са шматлікіх каханак Зеўса, якая пакутавала і ад усіх хавалася. Па-руску антыопу называюць «траурница», беларуская назва мне невядомая. Хто мне сказаў, што матыль так называецца? Мама. Так і засталіся гэтыя назвы на ўсё жыццё, як у дзяцінстве вывучыла, — адмірал, крапіўніца, лімонніца, махаон. Адмірал такі ўрачысты, чорна-чырвоны, буйны. Цяпер рэдка яго ўбачыш. Яго яшчэ называюць ванэса. Махаон — вялікі жоўты з чорным, яшчэ большы за адмірала, — буйны матыль, напэўна, буйнейшага няма ў нас. Назвы матылёў, як назвы кветак, — тыя, якія ў дзяцінстве назвалі, запомніліся назаўжды, а цяпер вывучыць што-небудзь цяжка.

Так, я распавяду пра жалобнага матыля. Убачыла там, дзе мы праводзілі лета, калі мне было шэсць гадоў. Там лёталі розныя матылі. Але чорны матыль быў не разам з усімі на той палянцы, дзе яны ўсе мільгацелі. Антыопа з’явілася перада мною за акном пакоя, дзе мы жылі. Яна сядзела на дрэве.

На бярозе. Самотная, склаўшы крылы — ледзь заўважная рыса на белым тле. А пасля разгарнула крылы. І я здзівілася. Чорны матыль выглядаў вельмі кантрасна на белым. Можа, я і раней бачыла антыопу, але да таго выпадку не звяртала ўвагу. А тут мой позірк сфакусаваўся на незвычайным чорным матылі. Матыль зварухнуўся, расправіў крылы. І вось яго ўжо няма — толькі мільгануў цень. Антыопа знікла ў гарачым летнім паветры. Засталася хваля расчаравання.

У агорнутых цемрай садах жывуць начныя матылі — аксамітныя, важкія, з чырвонымі вачыма. У ясны дзень яны хаваюцца дзе могуць. А цёплымі летнімі начамі б’юцца ў шыбу.

Яны падлятаюць да вокнаў у той самы час, калі мы падаем у цёмную бясконцую бездань сну, калі ў душу пачынае пранікаць незямное. Начныя матылі прыносяць з цемры трывожную таемнасць. Шолах іх крылаў зліваецца з прыглушанымі начнымі ўскрыкамі, шэптам дрэваў, шамаценнем шын і перамовамі сабак. Зранку, калі сонца працягне па падлозе бліскучыя, рухомыя палосы святла, заўважыш — некаторыя з начных матылёў памерлі. Ляжаць на падваконні без руху — з крылаў абляцеў пылок, яны празрыстыя.

Травень 2003 года, Мінск