Алесь Емяльянаў-Шыловіч. Арменія (трыпціх)

I
Караундж глядзеў на калядныя зоры
вачыма галодных каменных адтулін,
нібыта цыклопы ў пярэстай прасторы
з дазволу суворага часу паснулі.
Бадзяцца па зорным чужым лабірыньце
я ў мроях сваіх нечакана паехаў
туды, дзе мацней арыяднінай ніці
каменьня спрадвечнага зычнае рэха,
дзе вецер салоны бядзе спачувае,
зямля пад нагамі паэта сьпявае:
“Каб музыка шчырага сэрца ня ўмёрла,
крычы, не шкадуючы хворае горла…”

І – крыкнуў!
Шалёная воўчая зграя
жахлівыя іклы свае агаляе…

II
Крышыцца грыфель, трывае папера,
крычма крычыць у паэта душа.
Муза-пакутніца моўчкі сышла,
каб нарадзіцца ў наступную эру.
Чуеш, вібрыруе гучна струна? –
гэта ад сну ачуняла яна.

III
І зноў у срэбры год зьнікае,
нібы ў трызьненьні прамаўляе:
“Краіна, дзе крычыць каменьне, –
Арменія, Арменія…”