Надзея Ясмінска. Блакітная ружа і скарб волаткі

У аднаго заможнага гандляра была служанка, мілая і кемлівая дзяўчына. Толькі вось ростам яна не выйшла, з-за чаго яе часта прымалі за маленькую дзяўчынку. Яна шмат гадоў адзявала адну і тую ж сукенку, з якой ніяк не магла вырасці, і падол гэтай сукенкі быў вышыты ружамі блакiтнага колеру. Таму гаспадар стаў называць яе Блакiтнай Ружай.

Блакiтная Ружа насіла драўляныя чаравікі на высокай падэшве, каб здавацца вышэйшай. Але гэта не надта дапамагала. Бывала, гаспадар казаў якому-небудзь прыяцелю, які зазіраў да яго:

– Што ты, брат, усё ў халасцяках ходзіш? Паглядзі, якая кветка распускаецца ў маім доме! Хай не прыгажуня, але гаспадыня выдатная. Мая Ружачка будзе табе добрай жонкай.

На што той, прыгледзеўшыся, адказваў:

– Не, яна яшчэ надта малая. Хай падрасце, тады і паглядзім.

І Блакiтная Ружа з пунсовымi ад сораму шчокамі, шлёпаючы велізарнымі чаравікамі,­ бегла прэч.

Будні дзяўчыны былi шэрымi і маркотнымi. Святы таксама не прыносілі радасці. Маленькая служанка амаль не выходзіла з дому свайго гаспадара, таму што саромелася бываць на людзях. Бо ў найлепшым выпадку яе называлі малой, а то маглі абазваць і карліцай. Вечарамі Блакiтная Ружа сядзела ў сваім пакоі і абнаўляла ўзор на сукенцы. І марыла, што калі-небудзь яе жыццё зменіцца.

Неяк самым звычайным днём гандляр сказаў дзяўчыне:

– Увечары ў мяне будзе госць, так што засмаж самага тлустага гусака. А калі да поўначы мы з ім не прыйдзем, не чакай, спаць кладзіся.

Блакiтная Ружа кіўнула і ўзялася за справу. Да вечара яна зрабiла багаты стол: смажанiну, гарнір, хатняе віно. Сама сціпла села ў куток, чакаючы гаспадара і госця. Наступіла ноч, але ніхто непрыйшоў. Тады дзяўчына падрыхтавала госцю ложак у сваім пакоі, таму што больш у доме спальняў не было. А сабе пасцялiла ў вялікім куфры з мукой і крупамі. Спаць на мяшках, вядома, не так мякка, як на пярыне, але Блакiтная Ружа не была надта патрабавальнай. Яна апусцiла века, каб не перашкаджала святло поўнi, і неўзабаве заснула.

Сярод ночы яе абудзілі галасы. Гэта гаспадар і госць сядзелі за сталом і размаўлялі. Скрозь дзіркі ў куфры Блакiтная Ружа разгледзела таго, хто прыйшоў. Гэта быў юнак у паходным плашчы.

– Што гэта за дзяўчына такая? – здзіўлена казаў гандляр. – Няўжо яна настолькi цудоўная, што праз яе капрызы ты гатовы паўсвету абысці?

– Ды хоць цэлы свет, – уздыхнуў госць. – Але, можа, такой кветкі зусім няма? Прапаў я тады. Мая прыгажуня заявіла, што выйдзе за мяне, толькі калі ў яе вясельным букеце будзе сапраўдная блакiтная ружа.

– А маю служанку так i завуць, – усміхнуўся гаспадар. – І яна такая маленькая, што цалкам падыдзе для букета. Але, баюся, твая нявеста не ацэнiць такi жарт. Добра, дам я табе харчоў у дарогу. А то памрэш галоднай смерцю, ды так і не ажэнішся са сваёй прыгажуняй.

Далей маленькая служанка ўжо не чула, таму што крэпка заснула.

Назаўтра Блакiтную Ружу разбудзіў рып колаў. Усё трэслася і пагойдвалася. Спачатку дзяўчына не магла зразумець, што адбываецца. Але потым здагадалася: гандляр аддаў свайму сябру куфар з крупамi, нават не зазірнуўшы ў яго. І цяпер яна на фурманцы, якая рухаецца невядома куды. Служанцы падало-ся, што яе дом ужо далёка, i таму яна не адважылася вылезці. Хто ве-дае, што гэта за чалавек? Раптам ён яе кіне на глухой дарозе?

Пакуль Блакiтная Ружа думала, што ёй рабіць далей, юнак скіраваў свайго каня наўпрост у Густы лес. Праехалі яны крыху па вузкай сцежцы, і раптам конь заржаў і стаў на дыбкі. Дзяўчына прыадчыніла века куфра і ўбачыла пасярод сцяжыны разлапістую ялiну. А на адной з галінак - дзіўную істоту: ці то чалавека, ці то вожыка, чорнага, як вугаль, з доўгім хвастом да самай зямлі.

– Ну ты і смяльчак! – раптам выгукнула пачвара. – У гэтай частцы Густога лесу жыве волатка! Вяртайся назад, пакуль цэлы.

Але юнак яшчэ мацней сціснуў павады. Ён аб’ездзіў усё вакол, толькі ў гэты запаветны лес яшчэ не трапляў. Так, лес небяспечны, але поўны цудаў. І раптам сярод гэтых цудаў ёсць ружа блакiтнага колеру, адзіны скарб, якi яму патрэбны.

– Прабачце, – адказаў вандроўнік невядомай iстоце, – але не магу я збочыць.

– Тады сцеражыся! – зарагатаў чалавек-вожык і схаваўся ў калючых галінках ялiны.

Юнак абмінуў дрэва і накiраваўся далей. Ехаў, ехаў – і раптам задрыжала зямля і схавалася сонца. Перад падарожнікам паўстала вялізная жанчына. Яна не была брыдкай або жудаснай, але выгляда-ла на тое, што яна вельмі раззлаваная.

– Што ты робіш у маіх уладаннях? – закрычала волатка. – Хіба табе не параiлi вярнуцца назад? Я лёгка магу перакінуць цябе цераз увесь Густы лес, і тады наўрад ад цябе застанецца хоць костка!

Юнак саскочыў з воза і бясстрашна падбег да яе.

– Вядома, вы можаце гэта зрабіць, але спачатку выслухайце! Я зайшоў сюды не з-за сваёй саманадзейнасцi. Я павінен вандраваць, каб дагадзіць адной прыгажуні. Інакш яна ніколі не пагодзіцца стаць маёй жонкай...

– Во ўжо гэтыя прыгажуні! – з пагардай фыркнула жанчына. – Усё ім падавай на сподачку. Шкада мне цябе, чалавек, але проста так ты адсюль не выйдзеш. Інакш падарожнiкi перастануць мяне баяцца і стануць разгульваць тут, як у сябе дома. Што ў цябе ў фурманцы?

– Куфар з крупамі, мукой ды іншымі харчамі. – Аддасі яго мне. Такая будзе плата за тваю волю.

Волатка выцягнула куфар і ўзважыла яго на далоні. Юнак нізка пакланіўся ёй, ускочыў на каня і памчаўся, пакінуўшы нават фу-манку. Ён ведаў, што і так лёгка адкараскаўся. А жанчына адчыніла вечка куфра і ўбачыла там Блакiтную Ружу.

– Беднае, беднае дзіцятка! – усклікнула Волатка. – Як жа не пашанцавала табе патрапіць у мае рукі! Цяпер мне давядзецца цябе забіць.

Дзяўчына ледзь не страціла прытомнасць ад страху, але ўсё ж знайшла ў сабе сілы спытаць:

– Які вам ад мяне толк? Калі вы з’ясце мяне, то нават нічога не адчуеце. Я зраблю што заўгодна, толькі не забівайце!

– Ды я і сама не хачу гэтага рабіць, – уздыхнула велізарная жанчына, – але мне давядзецца. Бачыш жалезны ланцуг на маёй шыі? Гэта праклятая рэч. Яна прымушае мяне пазбаўляць жыцця любую дзяўчыну, якую ўбачу. Вось чаму я хаваюся ад усіх у Густым лесе. Я не магу зняць гэты ланцуг, ён шчыльна сядзіць. А засцежка вельмі хітрая, колькі я не спрабавала расшпіліць яе – нічога не атрымлiвалася.

У Блакiтнай Ружы раптам з’явілася надзея. Яна папрасіла:

– Пакажыце мне гэтую засцежку.

Волатка акуратна ўзяла яе двума пальцамі і паднесла да ланцуга на сваёй шыі. І дзяўчына ўпершыню ў жыцці ўзрадавалася таму, што маленькая і худзенькая. Бо яна якраз магла пралезці ў адтуліну засцежкі. Калi б Блакiтная Ружа была вышэйшай хоць на пядзю, то ўжо не змагла б праціснуцца туды. Засцежка ўсярэдзiне мела хітры механізм, але маленькая служанка разгадала яго. I ланцуг са скрыгатам расшпіліўся. Волатка пасадзіла Блакiтную Ружу сабе на плячо, а сама з палёгкай адкiнула жалезку далей.

– Ты вызваліла мяне! – прагрымеў яе голас. – Я была такая няшчасная таму, што забіваю нявінных! А цяпер мне не трэба хавацца. Прасі за гэта ўсё, што заўгодна.

– Наўрад цi вы можаце даць мне тое, што я хачу, – сказала Блакiтная Ружа. – Таму проста адпусціце мяне. Я і так удзячная лёсу за тое, што засталася жывая.

– Але ўсё ж такі, чаго ты хочаш? – не адступала волатка.

– Я заўсёды марыла быць звычайнай дзяўчынай, а не гномам-недаросткам. Але, відаць, нічога ўжо не зробіш…

Велізарная жанчына зарагатала так, ажно закалаціўся Густы лес. – Кажаш, нічога не зробіш? – насмешліва перапытала яна. – Ты пажадала самую простую рэч, якую я магу табе даць. У маёй пячоры ёсць чароўная крыніца: з яе п’юць усе волаты, каб стаць большымі і мацнейшымі. А табе хопіць і аднаго глытка.

Пячорная крыніца здалася Блакiтнай Ружы сапраўдным вада-спадам. А пад ім раскінулася возера з люстраной вадой.

– Добранька выкупайся ў сажалцы, перш чым піць з крыніцы, – параіла волатка. Вядома, для яе возера было ўсяго толькі сажалкай. – А ў глыбіні пячоры – мая скарбніца. Калі нешта спадабаецца, бяры, мне нічога не шкада.

Блакiтная Ружа зняла з сябе старэнькую сукенку і ўвайшла ў прахалодную ваду. Паплавала ў возеры ўволю, потым стала сушыць валасы на беразе. І тут здзіўлена застыла, разгледзеўшы сваё адлюстраванне: на паверхні была відаць дзяўчына цудоўнай прыгажосці. Тады Блакiтная Ружа напоўніла далонькі вадой з крыніцы, зрабіла ўсяго адзін глыток – ёй зусім не хацелася ператварацца ў волатку. I раптам адчула, як расце і выцягваецца. Сукенка стала ёй кароткай, а драўляныя чаравікі не налезлі на ногі. Дзяўчыне ад радасці захацелася ў той жа момант бегчы ў свой родны гарадок, каб паказацца гаспадару і суседзям. Але потым яе ўсё-ткi ахапіла цікаўнасць: што ў скарбніцы?

Яна пайшла ўглыб пячоры і пры святле паходняў убачыла счарнелыя ад часу куфры з залатымі манетамі і фамільнымі пярсцёнкамі. Цьмяныя кароны і дыядэмы пакрыліся павуціннем. Мячы з дарагімі дзяржаннямi даўно ніхто не чысціў. «Каму яны належалі?» – паду-мала Блакiтная Ружа. Гэтыя рэчы навявалі тугу, дзяўчыне не хацелася нічога браць адтуль. Але яркае пляма ў куце прыцягнула яе ўвагу. На адным з куфраў стаяў гаршчок з ружай, у пялёстках якой нібы пасялілася неба.

«Вось яна, тая самая кветка! – узрадавалася дзяўчына. – Яе шукаў госць гаспадара. Выдатна! Цяпер я змагу дапамагчы беднаму хлопцу».

А волатка вельмі здзівілася, даве даўшыся, што з усіх скарбаў яе маленькая выратавальніца выбрала менавiта блакiтную ружу.

– Што за карысць з такой дзіўнай кветкі? Яна распусцілася ў пячоры і, напэўна, пасінела ад холаду без святла. Звычайныя ружы куды прыгажэйшыя. А зрэшты, раз яна патрэбна табе, забірай! Толькі я ўсё роўна не адпушчу цябе без кашалька з золатам і добрага адзення.

З аднаго са сваіх куфраў жанчына выцягнула дзявочую сукенку з серабрыстай парчы, якую не сорамна было апрануць i прынцэсе. Блакiтная Ружа надзела яе замест старой, але ад упрыгожванняў адмовілася, узяла толькі трохі грошай на дарогу. Волатка вынесла дзяўчыну з лесу і доўга махала ёй услед. Рамізнік прывёз Блакiтную Ружу акурат да дома яе гаспадара. Гандляр не пазнаў сваю маленькую служанку. Ён вырашыў, што да яго завітала знатная дама: пры-гожая, высокая, у багатым строі. А дзяўчына загаварыла з ім і пака-зала сваю старую сукенку, расшытую ружамі.

– Цяпер табе, Ружачка, трэба шукаць іншы дом, – з уздыхам сказаў гандляр. – Нягожа такой дзяўчыне заставацца ў служанках!

– Няпраўда, – запярэчыла Блакiтная Ружа. – Я змянілася толькі вонкава і не збіраюся падрабляцца пад каралеву. Да таго ж, як вы будзеце жыць без маiх страваў?

Яна пашыла сабе новую простую сукенку, а падарунак волаткі прыхавала для асаблівага выпадку. Ружу з блакiтнымі пялёсткамі дзяўчына паставіла на падваконне ў пакоі чакаць свайго часу. Хлопец, для якога яна здабыла кветку, яшчэ не вярнуўся ў сваю вёску, і ніхто не ведаў, дзе яго шукаць. Блакiтная Ружа прыслужвала гаспадару так жа старанна, як i раней, але ўжо не чула кпiнаў з боку суседзяў. Наадварот, дом гандляра цяпер пiльнавалi залётнiкi, а сама дзяўчына атрымлівала запрашэннi то на шпацыры, то на танцы. Але служанка не надта давярала тым, хто зусiм нядаўна здзекваўся з яе росту. I не спяшалася адмаўляцца ад ранейшага жыцця.

Урэшце малады чалавек, прыяцель гандляра, вярнуўся ў родныя мясціны. За час падарожжаў ён знайшоў не адзін скарб, толькі блакiтную ружу так і не здабыў. Ён пабудаваў сабе добры каменны дом, але пераборлівая прыгажуня ўсё яшчэ не згаджалася стаць яго жонкай. Тады хлопец вырашыў зладзіць для ўсіх святочны вечар, каб хоць патанцаваць са сваёй каханай.

Пра гэты вечар даведалася Блакiтная Ружа. Яна вырашыла, што лепшага моманту для падарунка не будзе. Дзяўчына надзела сукенку, якая дасталася ёй ад волаткi, схавала ружу пад папяровым каўпаком і папрасіла гаспадара адвезці яе ў тую вёсачку. Усю дарогу Блакiтная Ружа думала пра тое, што нарэшце зможа аддзячыць хлопцу. І хай той яе ў вочы не бачыў – усё роўна, калі б не прыйшоў ён некалi да гандляра, не апынулася б дзяўчына ў Густым лесе і не стала б такой, як цяпер.

Як толькі Блакiтная Ружа ступіла на парог каменнага дома, усе госці пачціва расступіліся перад ёй: яны вырашылі, што перад iмi прынцэса або фея. Дзяўчына падышла да гаспадара дома і працягну-ла яму кветку. Але той нават не паглядзеў на скарб, які шукаў шмат гадоў. Блакiтная Ружа не паспела нічога сказаць, а хлопец адразу запрасіў яе на танец. Пара танчыла ўвесь вечар, а пра пераборлівую нявесту ўсе забылiся. Спахапілася яна, ды позна: яе жаніх, здаецца, закахаўся ў незнаёмку з ружай. Занадта доўга прыдзіралася прыгажуня да хлопца, чакаючы большага і большага, вось i страцiла яго.

Неўзабаве хлопец прапанаваў Блакiтнай Ружы руку і сэрца. Вяселля не давялося чакаць доўга, таму што гэтая дзяўчына не стала патрабаваць подзвігаў і цудаў. Маладыя зажылі шчасліва ў новым доме, а кветку волаткi пасадзілі ў садзе ля самага акна, каб любавац-ца кожны дзень.

А пераборлiвая нявеста... пайшла наймацца служанкай да старога гандляра. Яна вырашыла, што гэты чалавек чараўнік, калi ў яго доме­ маленькая i нязграбная Блакiтная Ружа ператварылася ў прыгожую дзяўчыну. У надзеi стаць яшчэ больш прыўкраснай i атры-маць вялікія багацці, яна гатуе ежу, мые посуд і прыбірае смецце да гэтага часу.