Цімур Хоміч. Самаадчуванне

я рэспектабельны
дагледжаны
гладка паголены
апрануты ў дарагі гарнітур
у мяне дарагі эксклюзіўны аўтамабіль
трохпавярховы дом за дзесяць кіламетраў ад менску
красуня жонка
рахунак у банку
я дырэктар камерцыйна паспяховай фірмы
у мяне мноства плянаў адносна будучыні
нават сусьветны эканамічны крызіс
ня здолеў папсаваць мае справы
толькі не трэба рабіць ашаломлены твар
зарабіць капітал цалкам мажліва
нават у нашай жабрацкай краіне
трэба ўсяго толькі мець галаву на плячах
і калі вашая клініка мае патрэбу ў фінансаванні
медычнае абсталяванне там
мяккая мэбля і ўсё такое
а вашая клініка пэўна ж мае ў гэтым патрэбу
я магу пад узаемнавыгодны працэнт
пазычыць вам грошай
аніякіх праблемаў
хоць зараз пазычу
а хочаце
уладкую вас да сябе
гандлёвым прадстаўніком
фінансавым мэнэджэрам
мэнэджэрам па продажах
мэнэджарам па персаналу
а хочаце
замдырэктара
як вам гэткая прапанова
дзеля чаго вы гібееце ў гэтакім
жудасным месцы
у гэткіх жахлівых умовах
у вас тут надзвычай няўтульна
і пах
які невыносны пах
чаго вы спужаліся
чаго нахмурылі бровы
я падаюся вам незвычайным
мама таксама лічыць
што я незвычайны
яна крыху перабольшвае
занадта чуллівая
стрэсаняўстойлівая
не мае актыўнай жыццёвай пазіцыі
ня здольная да камунікацыі
слабая
непаспяховая
я за яе хвалююся
нэрвуецца
прымае нейкія лекі
вось прыцягнула мяне да вас
навошта
незразумела
у гэтым няма неабходнасці
я пачуваюся проста цудоўна
дый мала хто пачуваецца блага
ў дзесяцігадовым узросце
і вы пра тое ведаеце лепш за мяне
пагадзіцеся доктар