Цімур Хоміч. Маша

яе звалі, мажліва, маша; у мяне
шмат знаёмых машаў,
таму я нават не памятаю дакладна,
ці сапраўды яе звалі машай

у інтэрнаце літынстытута
на падваконніку
я казаў ёй шэптам, што я
выдатны каханак,
а яна казала, што ад мяне
непрыемна пахне гарэлкай

(у той дзень сапраўды
мяне пачаставала таннай
расейскай гарэлкай
паэтка з навасібірску)

праз чатыры дні
я купіў квіток на цягнік і
з’ехаў у менск

седзячы ў плацкартным вагоне,
я ўспамінаў, як гэта самая маша
плакала
і жалілася на тое,
што, маючы акторскую адукацыю,
яна вымушаная працаваць
за пяцьсот рублёў у масоўцы,
што ня мае жытла,
што ніякая яна не літаратарка,
а паступае ў літынстытут
дзеля інтэрната,
няўжо у гэтым жыцці,
казала яна скрозь слёзы,
чалавек ня можа нават трахнуцца,
як чалавек,
а павінен вось тут,
у прыбіральні,
на ўнітазе,
як сабака

мне хацелася забіць яе,
бо я ня ведаў,
як яе суцешыць,
бо атрымлівалася,
што схлусіў ёй
і каханак я ніякі