Ларыса Геніюш. Адкінуўшы ў бок блытаніну

Адкінуўшы ў бок блытаніну
Чужых надакучлівых слоў,
Іду я старой каляінай,
Забытаю сцежкай дамоў.

І кожны мой крок – то памяць,
Позірк – сустрэча з былым
Раны старыя паляць.
Боль вочы грызе, як дым.

Я чую, як мёдам ліповым
З вуснаў жанчыны любой
Ліецца родная мова
І гоіць нязлечаны боль.

Хачу на пачэснае месца
Ля вышытых ручнікоў
За стол свой дубовы сесці,
Склікаць ў застолле сяброў.

І кінуўшы сэрца насустрач,
Другія агнём разбудзіць.
І хлеба духмяную лусту
Пароўні усім раздзяліць.

Ды з чаркі па бераг поўнай
Пад веры развогненны жар
Таго сёння выпіць здароўе,
Хто гэтай зямлі гаспадар.