Вольга Гапеева. Як неразношаны абутак

як неразношаны абутак
мне цісне сэрца
і калі не ў памеры справа
тады ў чым?
віно гарбата піва
часам кава
такая сынанімія дачканімія бяздзетнасць
і дзеці па-за шлюбам не мае
я н е м а г у к а з а ц ь
(як зручна што “х” і “з” так блізка на
клавіятуры)
і так не блізка мы
і шыбеніцы будаўнічых кранаў
на іх штодня я адзіноту
вешаю сваю
(ты са сваёй спраўляйся залпам)
ў бязлюдным парку
буду гвалціць сум
падчас абедзенага перапынку
і
нават згубленая завушніца
не давядзе
што
злодзей гэта я