Вольга Гапеева. Уся ў панядзелкавых абдымках

ўся ў панядзелкавых абдымках
званю аўторку
ён моўчкі слухае і плача
яшчэ не ведаю, што неба
хварэе на боткіна
і нам з ім у палатах розных
ляжаць
і позіркам блукаць па столі
не спаць
ў знак салідарнасці
на волі
той чыё дыханне казытала левае плячо
гуляе у маджонг да трэцяй ночы
паштовы голуб быў падстрэлены яшчэ
ўвосень
на паляванні дзікім дзікім ім
яна ж, якой ніколі не было, праіснавала
амаль з паўгоду
на здымках, зробленых адчаем і маной,
там хтосьці ў доўгім паліто
мне дзверы адамкнуў і развітаўся
“прабач” было не дастаткова
як і кахаць
патрэбны былі словы або сказы якіх я
не паспела нарадзіць
цяпер не нараджу ўжо ніколі
бо я
у больніцы
а ты
на волі