Вольга Гапеева. Вычытаць гэты снег

вычытаць гэты сьнег
     да канца
каб ніводнай памылкі не засталося
калі будзе ён паміраць
наталяючы смагу эмансыпацыйнай зімы
вынесьці на палі птушак чырвоных
каб дзяўблі яны глебу што камянём застрае ў горле
і глытай не глытай
сінія вусны да жыцьця не вярнуць мне
або ня вернуць,
я - нескладовая перад націскам
а дакладней ― назоўнік жаночага роду з асновай на "г"
і таму калі мяне праскланяць...
― дык Вы будзеце што-небудзь браць?
― ..цукеркі...

множны лік мае свае перавагі
аднак ёсьць словы якія нельга пісаць разам
таму ў скрайніх выпадках я пішу сябе праз злучок
трымаючы пад паліто
букеты ружовых і жоўтых
мяккіх знакаў
каб паслабіць тваю цьвёрдасьць
          але
ты не выключэньне
а я ня правіла