Вольга Гапеева. Вока каня

вока каня
вільготнае ад вуснаў маіх
перакульвае мяне
галавой долу
рукі мае занадта слабыя
ісці па зямлі
а ногі дужа ўжо брудныя
каб крочыць па небе
так з’яўляецца неабходнасць
вырошчваць
крылы
ці рабіць іх
з падручнага матэрыялу
і
не лётаць
сінюю вену
што небам праклалі над каштанавым дрэвам
мне так лёгка парэзаць
навостраным пер’ем
лепей зверам збягу.
ля засохлае студні
буду грызці каменне
да смаку салёнай іржы ў роце
і спадзе мая смага
як вейка з вока каня спадае
на чэрствыя вусны
дзікай свабоды
мінаючы рудыя бровы
той мост адзіны
да якога ніяк не дайсці мне –
занадта ён побач