Вольга Гапеева. Ад слупа да слупа

ад слупа да слупа
па стальных правадох
з хуткасцю
трыста мегапацалункаў
ў хвіліну
цячэ нешта
нешта маё
вялізнае з пахам язміну
стану пытальнікам
пасярод поля
сярод чорных кропак
крумкачовае зграі
і на сухажыллях
цела свайго
што-небудзь з Шапэна зайграю
да д’ябла ўсялякія там
‘каханні’
мяне ванітуе ад іх пяшчоты
я лепей буду на паляванні
страляць сабе ў голаў
ад адзіноты