Вольга Гапеева. Апартаменты

Посуд на кухні жыве даволі сегрэгіравана,
кожнаму віду адведзены свае кварталы.
Талеркі жывуць з талеркамі, кубкі з куб-
камі. Звычайна яны займаюць другія і трэ-
ція паверхі. Нажы і відэльцы месцяцца
ледзь не ў падвалах. Аднак не ўвесь посуд
жыве на кухні. Ёсць прывілеяваныя класы,
якія маюць пашану быць выстаўленымі
да агляду ў шафах са шклянымі дзверцамі
ў гасцінай. Падчас урачыстых падзеяў
іх запрашаюць на стол, быццам знаных
панічаў ці шляхцянак прадэманстраваць
сваю прыгажосць. Для іх нават спецы-
яльна засцілаюць абрус — быццам кілім
на кінафестывалях, толькі не чырвоны,
а белы, і крый божа, калі ў цябе ўпадзе
хоць крышка ці кавалачак вінегрэту, за-
пляміш не столькі абрус, колькі сябе і сваё
імя да канца жыцця.

У маёй найлепшай сяброўкі дзяцінства
ў шафе з посудам стаялі яшчэ фігуркі,
наяўнасць якіх мне ніколі не была зразу-
мелая. Аднекуль з-за мяжы ёй прывозілі
чакалядных зайцаў, тыграў, мядзведзяў,
і замест таго, каб з’ядаць іх, яна ставіла
іх у шафу. Памятаю, мне было іх нават
шкада. Яны ж сапсуюцца, і іх ужо нельга
будзе есці, думала я і часта правакава-
ла сяброўку на злачынства, але яна была
няўмольная, і такой сіле волі, як у яе, мне
заставалася толькі зайздросціць: чакаля-
да ў маім доме не мела ніякіх шансаў на
выжыванне.

Нягледзячы на тое, што я люблю стабіль-
насць, тыя рэчы, якія з’яўляюцца веч-
нымі ці спрабуюць такімі здавацца, троху
пужаюць, быццам нагадваючы мне пра
ўласную смяротнасць і нязначнасць у па-
раўнанні з імі, асабліва, калі ўлічыць, што
гэта — звычайная міска.

Чакалядныя муміі і фаянсавыя, крышталь-
ныя помнікі ў выглядзе сподачкаў, ку-
бачкаў і келіхаў здатныя перажыць нас і,
патрапіўшы на блышыны кірмаш, стаць
марай старызніка, вандраваць не толь-
кі ў часе, але і ў прасторы, пакуль мы будзем
парахнець у зямлі ці развейвацца
попелам.