Вольга Гапеева. Я прымушаю сябе спаць

я прымушаю сябе спаць
калі не спіцца
лічу авечак на зялёным лузе
ці думаю
што я жаўнер на полі
які павольна памірае ад кантузій
я прымушаю сябе спаць
калі здаецца мне затапіла лёгкія паводкай
а гэта проста недахоп паветра
справакаваны позіркам кароткім
я прымушаю сябе спаць
калі не варта адказваць на лісты ці ў скапе допіс
сентыментальнасць замінае думаць
ператвараючы ўсё ў вокісь
я прымушаю сябе спаць
калі хто побач
кладу на грудзі сваю голаў бы сланечнік
усе далёка толькі я на полі
бо мне не спіцца, я лічу авечак