Вольга Гапеева. Нібы я наўмысна імкнуся да адзіноты

нібы я наўмысна імкнуся да адзіноты
маё каханне шчанё пад дажджом скуголіць
бо страшна малому адному
на вуліцы цёмнай і змрочнай
пранікнуся жалем і вынесу кашы ды костак
адчую правіну што ў дом яго не пускаюць
а я і зрабіць нічога не ў сілах…вуха вангога
таму што ў небе якія там арыенціры
далёка ў небе гэта як калі вельмі глыбока там пад вадою
і вусцішна – бо без межаў
і вольна – таму што без краю
морквавы парасон, але яго прыбіраюць
і я не ведаю наколькі птушкам істотны колер
дамы вядома ж болей трываюць
але здараецца што і іх зносяць
жоўтае неяк занадта часта злучаюць з сінім
сланечнікаў я аднак не бачыла ў гэтым годзе
адценне туркусу цяпер у мяне ў пашане
і як ніколі раней цяжка набыць сукенку
чорную
хоць ведаю восенню або зімою ўжо пашкадую
радзімак на целе становіцца болей што гэта значыць
аказваецца я люблю не толькі белыя кухні
мятлушку што замінае спаць прасцей прышлёпнуць буклетам
чым бегчы за шклянкай накрываць яе і прасунуўшы аркуш паперы
несці да форткі каб выпусціць так складана
жыццё ратаваць кожнай асобнай мятлушцы
рукі мае ў крыві
будысткай не стаць мне
цярпенне цярплівасць цярпенне
цярплівасць цярпенне цярплівасць