Вольга Гапеева. Верш пра слана

у парку горкага калі ўсе спяць
уздоўж ракі ля ліхтара таўчэцца слон
ён выправіўся быў на мацыён
сярод туману

трысціну захапіў і капялюш прыстойны
і ўжо гатовы распачаць паважную размову
быў

але маўчаць у адказ – бо ўсе пакуль што спяць
сярод туману

і сняць слана ў каўнерыку гішпанскім пасярод арэны
чакае публіка на сальта і на піруэты
каб не сканчалася здзіўленне і казытала ў горле
ад нечаканых поз

а ён сумліва вушы апусціў
і стоячы на тумбе прыкрывае вочы
дэманстраваць не хоча
салёны іхні бляск

я зразумець спрабую часам
сярод туману
дзе ёсць рэальнасць а дзе сон
паміж якімі балансуе слон