Вольга Гапеева. Ніколі не думала што так цяжка насіць сукенку

ніколі не думала што так цяжка насіць сукенку
спадніцу абцасы каралі
і не ператварыцца ў калядную елку
ці ператварыцца і не звяртаць увагі
гэта сапраўды цяжка
быць упісанай у цела
якое магчыма і не хацела
каб я ў яго была ўпісана
і менавіта так апранала
як апранаю

можа яно хацела стаць больш бачным для навакольных
і пэўна на мае кашулі вольнага крою
злуецца
а я злуюся ў адказ
забываючыся што кожная з нас
ці кожны
быў голым народжаны
ці была...

у калідоры перад люстэркам
узгадваю вачыма ўсё што з намі было
і яно
глядзіць на мяне панура
бо сёння зноў не тое я апранула