Вольга Гапеева. Вось як ад цябе адыходжу

вось як ад цябе адыходжу
еду да мора
ў надзеі пабачыць
сярод камянёў у пяску закапанай
абсыхаю на сонцы каб соль праступіла
цярпліва чакаю мо на перадплеччы ты выступіш літарай
ці хаця б знакам
не тым што “з нябёсаў” а тым што прыпынку
соль аднак са мной размаўляць не хоча
пакідае адно лабірынты маршруты
кажуць бэзавы колер самоты
кажуць
перад навальніцаю неба не мае лёсу
чысціня яго думак – мая адсутнасць
геаграфія крэсак уздоўж ліній платана – схематычная мапа таго як усё будзе
маланкі выпальваюць на далонях неба лінію сэрца і лінію стомы

гублянне рэчаў рыхтуе да часу калі пачынаюць сыходзіць людзі