Вольга Гапеева. Ужо не студзень

ужо не студзень
і пра праезны можна больш не дбаць
яшчэ не сакавік але гадзіне недзе так а шостай
мажліва неба адшукаць падняўшы вочы
дзіўны месяц месяц на памежжы
і самы час задумацца пра візу
а можа нікуды не ехаць і застацца тут?
з лавандай фінікавай пальмай і геранню
застацца і чакаць на падваконні
таго красавіка