Вольга Гапеева. Я хаджу па табе як па музеі

я хаджу па табе як па музеі
дзе нічога нельга чапаць рукамі
і з марозівам сюды наўрад ці прапусцяць
ды я нават спрабаваць не стану
у табе столькі цікавых рэчаў
і так хочацца тыркнуць туды пальцам
але думаю твае наглядчыцы супраць
і магчыма мне варта іх трошку баяцца
ты – як мора ў якім сёння
забаранілі праз шторм плаваць
і хоць вось яно (мора) пад маімі нагамі
пра яго застаецца адно – марыць
пра цябе застаецца два – думаць
і яшчэ спадзявацца што адбудзецца казка
і да тваіх экспанатаў прычэпяць цыдулку
дакраніцеся, калі ласка.