Вольга Гапеева. Прачынаюся ад таго

прачынаюся ад таго
што раніца скокамі гойсае па пакоі
у пошуках апраўдання застацца ў ложку
я накрываюся з галавою
пад коўдраю сноўдаюць парэшткі сноў
падманваючы мяне ў рэальнасці твайго цела
куды я так схавацца хацела
не робячы ніякіх высноў
калі раніца гойсае па пакоі напэўна лета
напэўна зраблю grasse matinée
і мне нічога не будзе за гэта