Вольга Гапеева. Там дзе сёння выпадзе снег

там дзе сёння выпадзе снег
не будзе мяне
там дзе маўчанне ёсць спробай прызнання
намераў чужых не разабраць
і можна доўга глядзець на адбітак у шкле
уяўляючы кароткую стрыжку
заместа сваіх даўгіх валасоў
але так і не ўзяцца нажніцаў

так я і еду туды дзе нараджаецца снег
кожны дзень
хаваючы недасканаласць быцця
гэты снег ‒ гуманіст
ён нікому нічога не абяцаў
ён проста быў
нараджаўся і паміраў

ён мог зацярушыць дзе заўгодна
ў арменіі ці кактэбелі
наваліцца ўсім цяжарам прымусовасці
і гэтак жа хутка раставаць
перадаўшы золкасць як эстафету
каб пасля здзіўляцца чаму маю такія халодныя рукі і
пяткі
і спрабаваць адхукаць пальцы
у бессэнсоўнасці такога занятку
я і мой снег будзем бавіць гадзіны ў ложку
так і не здолеўшы прызнацца
адно аднаму
ў сваёй адзіноце