Ярына Дашына. Адушаўляешся

Адушаўляешся. Часам хочацца сціхнуць, стаіцца і абясточыцца. Быць як усе. Гутаперчавы хлопчык мой, так не бывае. Гэты хвілінны прастой дорага будзе табе каштаваць.

Гумапластычныя тыдні нязначныя. Неба наждачнае, мора наждачнае, сцёртыя ў бель. Гэты боль нагбом. Ты па-дзіцячы цалуеш ілбом шкло — марыш пёркам стаць…

Нават калі б цябе пераплавілі і пад законы Ньютона падправілі, ты б заставаўся сабой, бо перасек знутры мяжу. Час разыходзіцца па шву. Ніткай капронавай крой.

Уся незалежнасць тваёй рэспублікі — купал царквы над бясчулай публікай. Крылам баліць за тваёй безхрыбетнай спіной. Ну жа ж, давай, гутаперчавы мой, хадзем дамой…