Цемрык Велет. Тропатка птушкі

тропатка крыламі птушкі палымнеюць,
выскокваюць з-пад ног раптоўна, з-пад травы,
апаленае жнівеньскае неба
іх далікатна ветрам ловіць
і накіроўвае ў хмызы.
а я не палячу –
іду зачараваны, а ногі ў крыві.
прырода! ты нарадзіла рану.
як пакручастая дарога між вады,
паўзу і абрываюся прыгожа,
лісточкамі нутро гарыць
ды розум, што мурог,
пакорліва адыдзе ў нябыт,
як толькі цені рэчаў папаўзуць павольна.
крывяняць ногі – іх адмые багністая вада
(і не шкада, што з брудам заручоны),
пад ёй пакута, да сноў падобная,
і не загана ўжо ніколі.