Генадзь Бураўкін. Як з тайнай смерці сувязь стане крэўнай…

Як з тайнай смерці сувязь стане крэўнай,
Спакойна зразумееш спакваля:
Нявечныя і курганы, і дрэвы,
Нявечная, напэўна, і зямля.

I ўжо не будзеш з крыўдаю і страхам
Пратэставаць, што ў вечнай барацьбе
Усё памрэ і стане лёгкім прахам
З табою,
Пры табе
Ці без цябе.

Таму ці варта плакаць над сабою,
Над свечкаю былога пачуцця,
Над кволаю галінкай,
Над слабою
Крупінкаю нявечнага жыцця?..

1994