Генадзь Бураўкін. Скажуць…

Скажуць,
Гэткае немагчыма,
Ды чаго не бывае ў жыцці —
Я шукаў на Радзіме Радзіму
I не мог яе доўга знайсці.

Быццам чорная хмара навісла
Над прасцягам палеткаў і траў,
Быццам нехта чужы, ненавісны
Ад мяне маё шчасце схаваў.

Колькі я ні ўглядаўся ва ўзлессі,
Як ні слухаў дыханне начэй,
Не хапала матулінай песні,
Не хапала вясёлых вачэй.
З беларускаю крыўдай адвечнай
Я спытаўся ў азёр і дубраў:
Што ж за час,
Што так душы знявечыў,
Што ж за лёс,
Што так край абакраў?

I ў адказ, як апошняе слова,
Мне шапнуў мой знядужаны кут:
— Ты ў сябе запытайся сурова,
Ты сабе абвясці свой прысуд…

1997