Генадзь Бураўкін. Нехта — з пекла…

Нехта — з пекла,
А нехта — з раю
Голас мне сябры падаюць.
Вельмі рана сябры паміраюць.
А вось ворагі
Доўга жывуць,
Абмінаюць судовую лаву
I шалеюць ад п’яных піроў,
I крадуць
Пасмяротную славу
У маіх нешчаслівых сяброў.

Смерць і праўда —
Бяздушна-сляпая,
Калі ўсіх іх раўняе ў цане.
А сяброў маіх так не хапае
I зямлі беларускай,
I мне.

Я крыві не хачу,
Вы паверце,
I граху не вазьму на душу.
Не прашу я для ворагаў смерці —
Для сяброў даўгалецця прашу.

1997