Генадзь Бураўкін. Мне з табой бы лепей размінуцца…

Мне з табой бы лепей размінуцца,
Міма праляцець на паўкрыла…
Дык чаму ж малюся той мінуце,
Што з табой няпрошана звяла?

Не было нічога,
што на свеце
Да цябе не падарыў мне лёс…
Дык чаму ж мне так таемна свецяць
Вочы твае, цёмныя ад слёз?

Мне з табой бы лепей развітацца,
Кожная сустрэча —
як турма…
Дык чаму ж твае слабыя пальцы
Я ў сваёй далоні затрымаў?

Размінуцца б лепей, размінуцца,
Каб душа спакойнаю была!..
А я ўсё малюся той мінуце,
Што з табой няпрошана звяла…

1976