Генадзь Бураўкін. Калі прайшоў ты і агонь, і снег…

Калі прайшоў ты і агонь, і снег,
Смак працы ўведаў і ад славы збег,
Кахаў жанчын, піў асалоду кніг —
Не думай, што ты ўсё ў жыцці спасціг.

Галоўны страх і горычы глыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток…

Калі адчуў ты, як мінае час,
Як менее ў душы вясны запас,
Як многа значыць кожны дзень і міг —
Не думай, што цану жыцця спасціг.

Галоўны сэнс і мудрасці глыток
Яшчэ ў цябе наперадзе, браток…

Калі ж, яшчэ не верачы бядзе,
Твой самы блізкі сябар упадзе
I пераступіць чорны той рубеж,
А ты ў бяссіллі неба праклянеш
I зразумееш беззваротнасць страт,
Тады лічы, што ты мудрэеш, брат,
Тады табе адкрыецца спаўна
Жыцця неверагодная цана…

1976