Антон Францішак Брыль. Identité

Я блукаў калідорамі дзіўнага замку. Прывіды
То ўзнікалі раптоўна, то ў цемру збягалі скарэй
Ад мяне, і цяжарам трывогі, тугі ды агіды
Напаўнялі мяне галасы з-за бясконцых дзвярэй.

Ды чужыя партрэты сачылі мяне з высакосці,
З незнаёмых крукоў на чужой незнаёмай сцяне.
Я цягаўся па замку ды ўпарта шукаў там кагосьці,
Выгукаючы словы, што значылі толькі мяне.