Даша Бялькевіч. Не музыка

Я глядзела на свет,
А трэба было глядзець пад ногі,
Каб не спатыкнуцца і не расцягнуць звязкі.
Спачатку прывязкі, пасля перавязкі,
Тынкоўкі-замазкі, адмазкі,
Бязглуздыя казкі...
Зноў маўчыць тэлефон.
Цела – фон.
Для гульні ў сЭксафон.
Гэта проста джаз...
Jazz for pleasure
Jazz for fun
А пасля – ў цэ-ла-фан,
Выкінуць,
І абавязкова сказаць што-небудзь суцяшальнае,
І пажадаць поспехаў.
Дзякую. І Вам – усяго добрага...
А злое – я пакіну сабе
І пастаўлю, як сувенір на палічку.
Спадзяюся,
на іншым інструменце
Вы будзеце меней фальшывіць.