Даша Бялькевіч. Падарункі

Што рабіць з падарункамі
Ад мужчыны, які ажаніўся
З іншай жанчынай?
Вяселле, пасля наваселле
Гадавіна шлюбу, дзіця нараджэнне…
А я сяджу на падлозе
І перабіраю падораныя табой рэчы.
Рэчы – сустрэчы.
У рэчах – пустэча,
І без рэчаў – пустэча.
Дык што рабіць з падарункамі?
Выкінуць?
Дык што рабіць з сабою?
Выкінуць?
У цябе свая Вера,
У мяне – свая.
Толькі прашу
Не насі шэры,
Шэры табе не пасуе.
У астатнім у цябе бездакорны густ,
Асабліва на ўпрыгожванні:
На брошкі, музыку, кампліменты
І МУЗ.