Эрлінг Хітэлсэн. Паэтыка (пер. Л. Баршчэўскі)

Скокі па бярвеннях на неўтаймоўнай рацэ
Рэаліст бачыць рэальнасць і падае ў яе
Рамантык ідзе свабодна наперад і губляе раўнавагу
Постмадэрніст знаходзіць свет ужо
Разабраным і чабурыхаецца ў ваду
Сацрэаліст, робячы сальта, вельмі выразна
Бачыць інтарэс у прыбытку таго, хто пастаўляе драўніну
Сюррэаліст спраўджвае французскі спосаб
І ляціць у паток, перыферыст
Таксама верыць, што ў плыні яму пашчасціць
Футурыст разлічвае на ўніверсальны абутак і дае маху
Мы сядзім на нейкіх каменьчыках і сочым
За балетам ракі, і тонкі нарослы пласт цэлюлозы
З сухім кіслотным пахам апавядае пра дзейснасць
Сноў, блокавую палітыку, забруджванне, змаганне
За фіялкі, дарожную камунікацыю, відзежы наперадзе
Неўтаймоўныя? Хто назваў неўтаймоўнаю
Раку, што гэтак спакойна плыве?